
На допыты і паглыблены дагляд на мяжы сталі вадзіць і грамадзян Летувы, звярнуў увагу тэлеграм-канал @motolkohelp.
Дэпартамент дзяржбяспекі Летувы (ДДБ) паведаміў, што ўзмоцненыя праверкі тэлефонаў і допыты пры перасячэнні мяжы Беларусі цяпер распаўсюджаны і на грамадзян Летувы. Па інфармацыі ДДБ, праверкі летувісаў уключаюць у сябе: праверкі кампутараў і тэлефонаў, кантактаў у іх, акаўнтаў у сацсетках, фатаграфій і маршрутаў у картах.
«Падчас праверак супрацоўнікі спецслужбаў РБ збіраюць інфармацыю пра палітычныя погляды і працу грамадзян Летувы і спрабуюць высветліць, ці маюць яны дачыненне да памежных, праваахоўных ці разведвальных органаў», – заяўляе ДДБ.
ДДБ таксама піша, што вядома пра шэраг выпадкаў, калі грамадзянам Літвы адмаўлялі ва ўездзе ў Беларусь, калі высвятлялася, што яны падтрымліваюць Украіну і асуджаюць агрэсію Расеі. Таксама сказана, што на допытах грамадзян Летувы схіляюць да супрацы са спецслужбамі Лукашэнкі шляхам шантажу і псіхалагічнага ціску.
