
Пакідаць нават ананімныя каментары ў расейскай сацсетцы Вконтакте надзвычай небяспечна. Гэта выразна паказала гісторыя з засуджаным нядаўна ў Лідзе жыхаром Пружанаў Сяргеем Кемежам.
Як высветліла Берасцейская вясна, як вынікае з прысуду па гэтай крымінальнай справе ў сацсетцы «Вконтакте» быў каментар пра нейкага палкоўніка Д. з памежных войскаў. У каментары было нібыта нецэнзурнае слова. Гэтага стала дастаткова, каб адправіць Кемежа на 2 гады ў калонію агульнага рэжыму.
У прыгаворы ёсць яскравы момант: указана, што сілавікі некалькі разоў рабілі скрыншоты старонкі з каментаром. Спачатку там было ўказанае імя карыстальніка (мяркуючы па ўсім схаванае і таму ананімнае). Пазней акаўнт быў выдалены. Аднак пасля гэтага сілавікі РБ:
«с целью установления личности пользователя направили запрос в РФ об оказании правовой помощи, а именно предоставлении сведений об IP-адресах, используемых лицами, которые разместили комментарии».
З Расеі адказалі: прадаставілі IP-адрас і нумар тэлефону. Нумар тэлефону быў якраз прывязаны да беларускай сім-карткі. А гэтая SIM-картка была якраз зарэгістраваная на імя Сяргея Кемежа.
