
Вашай увазе рэгіянальны каляндар на ліпень
1 ліпеня
430 гадоў таму (1593) – У Алыцы (Валынскае ваяв., Украіна) нарадзіўся Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, магнат ВКЛ, дзяржаўны дзеяч, гісторык, мемуарыст. Валодаў маёнткамі Нягневічы, Налібокі (Наваградзкі р-н), Геранёны (Івейскі р-н).
2 ліпеня
150 гадоў таму (1873) – У Варшаве нарадзіўся Аляксандр Тальгейм, лекар, грамадзкі дзеяч, старшыня Гарадзенскага таварыства аматараў мастацтва “Муза”.

5 ліпеня
25 гадоў таму (1998) – У Гародні прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Абласнога краязнаўчага Таварыства імя Тодара Нарбута. Удзел у ёй узялі каля 50 краязнаўцаў з Гародні і розных раёнаў вобласьці.
25 гадоў таму (1998) – У Лідзе выйшаў 1-ы нумар літаратурна-мастацкага часопісу “Ад лідскіх муроў”.

6 ліпеня
770 гадоў таму (1253) – Вялікі князь ВКЛ Міндоўг прыняў тытул караля, каранаваны ў Наваградку.

7 ліпеня
390 гадоў таму (1633) – У Вільні памёр Леў Сапега, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, канцлер, магнат. Пахаваны ў крыпце касьцёлу Сьв. Міхала.

8 ліпеня
30 гадоў таму (1993) – У Менску пачаўся Першы зьезд беларусаў сьвету (доўжыўся 8-10 ліпеня).

9 ліпеня
160 гадоў таму(1863) – У Вільні павешаны Зыгмунт Серакоўскі, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня. Перапахаваны ў ліку іншых 22.11.2019 у капліцы на могілках Росы.

10 ліпеня
160 гадоў таму (1863) – У Ваўкавыску расстраляны Станіслаў Завістоўскі, адстаўны штабс-капітан, камандаваў паўстанцкім атрадам у Гародні.
12 ліпеня
110 гадоў таму (1913) – У мяст. Ілья (Вялейскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Голасаў (загінуў пасьля 1944 г. у савецкім канцлягеры), беларускі праваслаўны сьвятар, вязень ГУЛАГу. Служыў у 1934 г. у в. Ятвеск (Шчучынскі р-н).
65 гадоў таму (1958) – У Слоніме нарадзіўся Павал Лойка, беларускі гісторык.

13 ліпеня
80 гадоў таму (1943) – Каля вёскі Навумавічы (Гарадзенскі р-н) гітлераўцамі расстраляная Марыяна Бярнацкая (дзявочае Чакала, нар. у 1888 г. у Ліпску каля Ломжы, Польшча), якая ахвяравала жыцьцём за іншага чалавека. 13.6.1999 была беатыфікавана каталіцкім касьцёлам.
15 гадоў таму (2008) – Памёр Віктар Дубіцкі, беларускі настаўнік, сябра КХП БНФ. Нараджэнец в. Сьліжы Пескаўскія (Мастоўскі р-н). Пахаваны на праваслаўных могілках у Луне (Мастоўскі р-н).
14 ліпеня
80 гадоў таму(1943) – У в. Піронім (Слонімскі р-н) нарадзіўся Аляксандр Місцюкевіч, беларускі грамадзкі актывіст, краязнавец, сябра ТБМ.

15 ліпеня
345 гадоў таму (1678) – У мяст. Гальшаны (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Анастаз Кярсьніцкі (пам. у 1733 г.), каталіцкі тэолаг, правазнавец, педагог, пісьменьнік.
120 гадоў таму (1903) – На хутары Лагуцева (Дзятлаўскі р-н) нарадзілася Алена Лябецкая, дзяячка ТБШ.

17 ліпеня
25 гадоў таму (1998) – Памёр Сяргей Сідар, беларускі географ, педагог. Нараджэнец в. Янаўшчына (Зэльвенскі р-н).
19 ліпеня
80 гадоў таму (1943) – У савецкім канцлягеры загінуў Сяргей Дарожны (сапр. Серада), беларускі пісьменьнік, перакладнік. Нараджэнец Слоніму.

20 ліпеня
Міжнародны дзень шахмат
21 ліпеня
15 гадоў таму (2008) – У Баранавічах памёр Пятро Рашэтнік, дзеяч нацыянальнага руху, сябра СБМ, вязень ГУЛАГу. Вучыўся ў Наваградку ў гімназіі і настаўніцкай семінарыі. Пахаваны ў Баранавічах.

23 ліпеня
80 гадоў таму (1943) – У в. Лылойці (Смургонскі р-н) нарадзіўся Артур Цяжкі, беларускі празаік, журналіст.
25 ліпеня
30 гадоў таму (1993) – У Лідзе усталяваны помнік Францішку Скарыну (скульптар – Валер’ян Янушкевіч).

26 ліпеня
90 гадоў таму (1933) – У Гародні памёр Францішак Грынкевіч, беларускі рэлігійны і культурны дзеяч. У 1909-12 гг. кіраўнік Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі. Пахаваны на старых гарадзенскіх каталіцкіх могілках.

45 гадоў таму (1978) – Памёр Аляксей Васіленя, грамадзка-палітычны дзеяч, у другую сусьветную вайну кіраўнік Беларускай Народнай самапомачы ў Слоніме, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія). Пахаваны на могілках Роквуд у Сіднэі.
27 ліпеня
35 гадоў таму (1988) – У Востраве (Зэльвенскі р-н) памёр Серафім Татарын, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, актывіст Грамады і ТБШ. Нараджэнец Вострава (Зэльвенскі р-н).

30 гадоў таму (1993) – У Лідзе адчынена мастацкая галерэя «Лідзея».
30 ліпеня
115 гадоў таму (1908) – У Іркуцку нарадзіўся Генрык Дэмбінскі, удзельнік заходнебеларускага дэмакратычнага руху, публіцыст. Пасьля 1-й сусьветнай вайны і да 1932 г. жыў у Ашмяне.
31 ліпеня
110 гадоў таму (1913) – У в. Падкасоўе (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Міхаіл Петрыкевіч, беларускі краязнавец, музеязнавец, педагог.

