
Раман Пасевіч з “чорнага спісу” Мінспорту развітаўся з гродзенскім “Нёманам”. “Прыйшоў час сказаць бывайце, — піша ён у Instagram. — Хацелася, вядома, з’язджаць з гэтай каманды, выйграўшы нешта. Як толькі быў гатовы да гэтага як ніколі, у Бога з’явіліся іншыя планы на мяне. Дзякуй за цеплыню на стадыёнах і па-за ім. Гродна заўсёды застанецца ў маім сэрцы. Нашы шляхі разыходзяцца. Усім поспехаў. Усіх абдымаю”.
Верагодна, 23-гадовы футбаліст працягне кар’еру за мяжой. Ім цікавіліся клубы з Казахстана, Узбекістана і Расеі.
Раман Пасевіч нарадзіўся ў мястэчку Відзы на Браслаўшчыне. На Гарадзеншчыне выступаў за “Ліду”, “Смаргонь” і “Нёман”.
У “чорны спіс” спартыўныя функцыянеры ўключылі футбалістаў, якія ў 2020-м на відэа сказалі “Мы супраць гвалту!”. З імі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты. У “чорным спісе” застаюцца некалькі футбалістаў “Нёмана”. Галоўны трэнер каманды Ігар Кавалевіч на тэлебачанні ўздымаў пытанне пра найхутчэйшае вырашэнне іх лёсу, але гэты зварот пакуль не даў вынікаў.
