
Толькі за 30 чэрвеня краіны Эўразьвязу не дазволілі нелегальна трапіць на сваю тэрыторыю 105 мігрантам з тэрыторыі Беларусі.
Памежная ахова Польшчы за 30 чэрвеня спыніла 77 нелегальных мігрантаў з боку Беларусі (і затрымала грамадзяніна Беларусі, які перавозіў 8 мігрантаў з Афганістану), літоўскія памежнікі зафіксавалі 2 спробы незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускага боку, латвійскія — 26 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-латвійскай мяжы.
У першай палове 2023 году зафіксавана 19 220 спробаў незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 13 624, Латвію — 4 340, Літву — 1 256).
Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра рост напружанасьці на мяжы Беларусі і Эўразьвязу вясной і яе зьніжэньне ў пачатку лета, асабліва на латвійскім напрамку: у студзені было 1 989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, лютым — 1 970, сакавіку — 3 401, красавіку — 3 440, траўні — 4 719, чэрвені — 3 701.
Разьбіўка па краінах:
- Польшча — 1398 у студзені, 1455 у лютым, 2583 у сакавіку, 2363 у красавіку, 2959 у траўні, 2866 у чэрвені;
- Латвія — 372 у студзені, 377 у лютым, 559 у сакавіку, 776 у красавіку, 1549 у траўні, 707 у чэрвені;
- Летува — 219 у студзені, 138 у лютым, 259 у сакавіку, 301 у красавіку, 211 у траўні, 128 у чэрвені.
Расея і Беларусь у бліжэйшы час запусьцяць новыя прамыя авіярэйсы, якія можна выкарыстоўваць для дастаўкі новых групаў мігрантаў, напісаў у сваім Twitter прадстаўнік польскага ўраду па бясьпецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын. Паводле яго, гэта новыя рэйсы паміж Іракам і Беларусьсю, а таксама паміж Кубай і Расеяй. У 2021 годзе менавіта прамыя рэйсы з Іраку ў Беларусь сталі асноўным каналам дастаўкі мігрантаў на беларуска-польскую мяжу і справакавалі міграцыйны крызіс. На думку Жарына, «цяпер новыя рэйсы зноў могуць служыць гэтай мэты».
Ён зьвярнуў увагу, што штодзённыя справаздачы Польскай памежнай службы гавораць аб узмацненьні гібрыднага міграцыйнага ціску.
У сэзонным раскладзе Нацыянальнага аэрапорта «Менск» сапраўды пазначаныя два рэйсы на тыдзень з Багдаду ў чацьвер і пятніцу: першыя рэйсы заплянаваныя на 6 і 7 ліпеня.
Свабода
