Суд Смаргонскага раёна 3 ліпеня, на так званы Дзень незалежнасці, абвесціў былому палітвязню Рамуальду Улану пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. Яго затрымалі яшчэ 30 чэрвеня і трое сутак пратрымалі ў ІЧУ. У панядзелак, нягледзячы на выходны ў дзяржаве, Улану прысудзілі 7 сутак арышту.

Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» ў студзені 2021 года быў засуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Улану паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія нібыта ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў. У траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.

Апошні раз Улана затрымлівалі 17 чэрвеня – тады яму прызначылі трое сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).