
Фактычна чатыры гады – столькі за кратамі знаходзіцца актывіст анархісцкага руху, палітвязень Мікіта Емяльянаў. Ён быў асуджаны яшчэ да падзей 2020 года. Зараз ён у турме Гародні.
Па чатырох крымінальных палітычна матываваных справах яму прысуджана шэсць гадоў зняволення ў турме ва ўмовах строгага рэжыму. Яго маці, спадарыня Анастасія, дала каментар Беларускаму Радыё Рацыя:
– Быў арыштаваны за спробу, як яму інкрымінуюць, нібы падпаліць СІЗА „Валадарку”, у Менску. Але гэта была палітычная акцыя, каб прыцягнуць увагу да палітвязняў, якія за кратамі. Да справы Змітра Паліенкі, ён таварыш Змітра Паліенкі, мусіў адбыцца суд над Змітром Паліенкам, тады ў кастрычніку 2019 года.
13 чэрвеня 2022 году Мікіту этапавалі з Турмы № 4 у ваўкавыскую ПК № 11. Адразу па прыбыцці ў калонію яго закінулі ў ШІЗА на 18 сутак, у жніўні — на 7 сутак. Акрамя гэтага, палітвязня пазбавілі кароткатэрміновага спаткання. З 25 кастрычніка яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Але на наступны дзень яго закінулі ў ШІЗА на 10 сутак, пры тым, што тэрмін у ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.
Напярэдадні Новага году Мікіту ізноў змясцілі на 10 сутак у ШІЗА, у лютым — яшчэ на 15. Таксама паведамлялася, што Мікіту блакуюць ліставанне і 8 месяцаў не перадавалі са складу кнігі.
У судзе Ваўкавыскага раёну 23 сакавіка 2023 г. суддзя Мікалай Сяргейка прыняў рашэнне аб пераводзе Мікіты Емяльянава на турэмны рэжым. Палітвязня змясцілі ў гарадзенскую Турму № 1.
