
фота мае ілюстрацыйны характар
Уначы 2 ліпеня ў Лідскім раёне сілавікі ўварваліся ў дом да засуджанага раней па палітычным артыкуле, але ён там даўно не жыве. Як стала вядома «Белсату», цяпер там жывуць ягоная былая жонка і 10-гадовы сын, які пасля начнога візіту моцна спалоханы.
Валерый Будрык, да якога мелі намер трапіць сілавікі, у 2020 годзе ў сацсетцы «Одноклассники» назваў лідскіх міліцыянтаў Прозарава і Квача фашыстамі. «Гэта было адразу пасля выбараў, я бачыў, як яны збіваюць людзей, вось на эмоцыях і напісаў», – расказаў «Белсату» Валерый.
Яго засудзілі на паўтара года хатняй «хіміі» і аштрафавалі на 1000 рублёў. За 4 месяцы да заканчэння тэрміну збіраліся рэальна пазбавіць волі. Будрык змушаны быў бегчы ў Летуву, падчас таго, як пералазіў плот, зламаў нагу. У такой сітуацыі каля кіламетра поўз да летувіскіх памежнікаў.
Аднак і пасля ўцёкаў з Беларусі сілавікі тэлефанавалі яму ў Viber і пагражалі «дастаць» ягоную 80-гадовую маці.
«Потым каля году была цішыня, а ўчора вось прыйшлі. Моцна стукалі ў вокны, дзверы, потым увайшлі ў хату і пачалі пытацца, дзе я. Хоць ведаюць, што мяне даўно няма ў Беларусі. У канцы сказалі былой жонцы, што будуць прыходзіць рэгулярна. Верагодна, палохаць майго сына. Дом аформлены на мяне па дароўнай, то сказалі былой жонцы, што забяруць яго».
Да 2020 году Валерый Будрык працаваў токарам на ТАА «Тэхмаш» у Лідзе.
Белсат
