Васіль Якімаў

Гарадзенскі абласны суд 23 чэрвеня абвесціў прысуд 23-гадоваму жыхару Астравецкага раёна Васілю Якімаву паводле артыкула “аб падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеных фармаваннях у замежнай дзяржаве” (ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Судовы працэс пачаўся 19 чэрвеня.

Да затрымання маладзён працаваў кіроўцам фуры, раней скончыў ПТВ ў Ашмянах на прафесію кіроўцы. 

Як паведамляе сайт Генпракуратуры, Якімаў з красавіка па лістапад 2022 году выказаў жаданне, а затым акрэсліў намер уступіць у адно з падраздзяленняў батальёна (палка)  імя Кастуся Каліноўскага.

З гэтай мэтай ён нібыта прадаставіў свае персанальныя дадзеныя для прыёму ва ўзброенае фарміраванне. Адначасна рабіў збор інфармацыі аб месцах набыцця ваеннай амуніцыі, абмундзіравання і іншай экіпіроўкі для выкарыстання ва ўмовах баявых дзеянняў.

Нібыта супрацьпраўныя намеры Васіль не паспеў рэалізаваць, паколькі яго затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Судовая калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суду прызначыла яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вясна