Гарадзенскі грамадскі дзеяч і журналіст Павел Мажэйка ня мае ілюзій наконт зыходу палітычнага крымінальнага працэсу, па якім яго пачнуць судзіць 10 ліпеня.

Палітвязень напісаў у лісце жонцы наступнае:

“…тэрмін можа быць любы, да гэтага трэба быць проста гатовымі. Прыняць, што нават нейкі нібыта і “ненайгоршы”. Вынік азначаць будзе, што мы з табой яшчэ доўга не ўбачымся, не абдымемся. Мне важна ведаць, што ты гэта ўсведамляеш, разумееш, што сказаць сабе, што сказаць дзеткам, як падладзіць жыццё. Хаця мы з табой не першы дзень на свеце і падобнае перажывалі…”. Фрагмент ліста Паўла змясціла ў сваім фэйсбуку яго жонка Ірына Чарняўка.

Палітычны карны працэс пачнецца 10 ліпеня а 14.15 у будынку Гарадзенскага абласнога суду. Весці яго будзе Максім Філатаў. Незадоўга да працэсу адваката Мажэйкі Аляксандра Бірылава пазбавілі працоўнай ліцэнзіі. Цяпер Паўла Мажэйку будзе бараніць адвакат Святлана Бірылава.

Мажэйку інкрымінуюць артыкул 361 – 4, частка 2 – гэта спрыянне дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі. Гэты артыкул быў уключаны ў Крымінальны кодэкс толькі ў 2021 годзе. Па ім можа пагражаць зняволенне ажно да 7 гадоў.