Першы з’езд беларусаў свету прайшоў 8-10 ліпеня 1993 года ў Менску ў будынку Тэатра оперы і балета. На форуме прысутнічалі 996 дэлегатаў ад беларускіх арганізацый з Беларусі і беларускіх суполак з замежжа. Арганізатарам з’езду выступіла Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Прыхалі 486 дэлегатаў з замежжа: Англіі, Аргенціны, Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Канады, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Расіі, Украіны, Малдовы, Туркменістана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Эстоніі, Літвы, Латвіі. Было 510 дэлегатаў з Беларусі і больш за 200 гасцей.

З’езд меў мэтай аб’яднанне беларусаў свету і арганізацыйнае афармленне сусветнай беларускай супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы. Ён прыняў Дэкларацыю аб прынцыпах дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, звароты да беларускага народа, замежных беларусаў да сваіх суайчыннікаў на Бацькаўшчыне, да парламента і ўрада Беларусі, да Вярхоўнага Савета Беларусі аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, заяву па вайсковым пытанні, рэзалюцыю аб падтрымцы дзейнасці ЗБС «Бацькаўшчына», аб дзейнасці беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», пастанову аб Радзе прадпрымальнікаў беларускай дыяспары.

Далей з’езд працаваў як кангрэс ЗБС «Бацькаўшчына», на якім былі выбраны новы кіраўнічы орган – Вялікая рада з прадстаўнікоў беларускіх арганізацый Беларусі і замежжа (97 чалавек), а таксама прэзідэнт ЗБС (Радзім Гарэцкі) і старшыня Рады (Ганна Сурмач). У адпаведнасці з праграмай з’езда былі праведзены сустрэчы яго ўдзельнікаў з грамадскасцю Беларусі, Купалле на Стаўбцоўшчыне і ў вёсцы Баркалабава (Быхаўскі раён), Нарачанскі форум для дзяцей і моладзі, выстава твораў мастацтва з Беларусі і замежжа.

Ганна Сурмач ацэньвае той час: «Тады ўсе ў беларускім грамадстве адчувалі вялікі патрыятычны ўздым…Не стала савецкай імперыі, на ейных абломках трэба было будаваць сваю незалежную краіну. Мы даведаліся шмат праўды з гісторыі Беларусі – пра пастаяннае змаганне нашага народу за свабоду, пра вынішчэнне і расьсейванне па сьвеце беларускай нацыі… Гэта быў выклік часу, актуальная праблема: аб’яднаць сілы дзеля адраджэння незалежнасці нашай краіны. Трэба было нарэшце пераадолець гэты штучна створаны савецкімі ўладамі раскол, калі замежныя беларусы лічыліся ворагамі і з імі нельга было падтрымліваць кантакты, нават калі гэта была блізкая радня. Нам трэба было дапамагчы замежным суродзічам пазбыцца страху быць арыштаванымі пры наведванні Бацькаўшчыны».

Тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч так успамінаў пра гэтую падзею: «Калі Беларусь зрабілася самастойнай, у нас быў вялікі энтузіязм. У большасці сябраў Вярхоўнага савета была вялікая цяга да беларускасці, да беларускага замежжа, і таму гэта ўсё віталася. Прычым не толькі ў Вярхоўным Савеце, але і ў Савеце Міністраў… Я не сумняваўся, што ўсе беларусы хацелі сабрацца і правесці З’езд беларусаў свету. Ні з кім змагацца не даводзілася і, як я гэта памятаю, усе былі адзінадушныя ў тым, што З’езд патрэбны і яго трэба падтрымаць».

Белпоштай была выпушчана адмысловая марка да Першага з’езду беларусаў свету як адзнака значнай гістарычнай падзеі.