
У Беларусі з 11 ліпеня ўступае ў сілу абноўлены закон «Аб грамадзянстве», які прадугледжвае пазбаўленне грамадзянства за «экстрэмісцкія» злачынствы асоб, якія з’ехалі з краіны.
Грамадзяне Беларусі, асуджаныя за «экстрэмісцкую» дзейнасць, могуць вярнуцца ў краіну і адбыць прызначаны тэрмін пакарання, каб не страціць грамадзянства. Так новыя палажэнні закона «Аб грамадзянстве» на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры пракаментаваў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Яго цытуе Reform.by.
«Навацыя, якая падвяргалася крытыцы з боку нашых замежных апанентаў, — увядзенне новай падставы для страты грамадзянства Рэспублікі Беларусь у сувязі з наяўнасцю прысуду суда Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу і пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ім цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Тут у першую чаргу, на што звяртаю ўвагу, што, па-першае, павінен быць прысуд суда Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу і пацвярджае ўдзел такой асобы ў супрацьпраўнай дзейнасці як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь у першую чаргу. Ну, а другі складнік — той, што, безумоўна, асоба павінна ўхіляцца ад выканання прысуду», — патлумачыў Бягун.
Паводле яго слоў, каб не страціць грамадзянства, можна вярнуцца і выканаць рашэнне суда.
«Такая неаб’ектыўная крытыка, што мы будзем спараджаць выпадкі з’яўлення ў дзяржаве асоб без грамадзянства, але, па-першае, гэтыя асобы не знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны. І, па-другое, заўсёды ёсць выбар: ці вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і выканаць рашэнне суда Рэспублікі Беларусь, адбыць ва ўсталяваным парадку пакаранне, якое за тыя злачынствы, якія здзейсненыя на тэрыторыі нашай краіны, ці па-ранейшаму знаходзіцца за межамі краіны з усімі наступствамі, тады як гэта грамадзянін Беларусі, калі ён фактычна ўхіляецца ад выканання законнага рашэння суда», — растлумачыў Бягун.
Акрамя таго, уступаюць у сілу нормы закона аб тым, што асоба павінна паведамляць кампетэнтным органам аб атрыманні другога грамадзянства, замежнага дазволу на жыхарства, а таксама іншых дакументаў, якія даюць права на льготы ў іншай дзяржаве.
Бягун дадаў, што ў першую чаргу гэтыя звесткі патрэбныя для выканання нормаў заканадаўства, якія забараняюць прымаць на дзяржслужбу і некаторыя іншыя пасады асоб, якія маюць замежнае грамадзянства або дазволы на жыхарства.
«Акрамя таго, гэта інфармацыя прызначаная для статыстычнага збору, для таго, каб ацэньваць на самай справе мабільнасць нашых грамадзян, якія грамадзяне маюць замежнае грамадзянства, а таксама ў мэтах фарміравання адпаведнай міграцыйнай палітыкі», — сказаў ён.
Пакуль паведамляць аб наяўнасці ДНЖ і іншых дакументаў, якія даюць пэўныя правы ў замежнай дзяржаве, трэба ў добраахвотным парадку на працягу трох месяцаў пасля іх атрымання. Санкцыі за непаведамленне не прадугледжана.
Разам з тым міністэрства мае намер паглядзець, як беларусы будуць выконваць палажэнні абноўленага закона, і пры неабходнасці ініцыяваць увядзенне санкцый.
«Калі, вядома, актыўнасць грамадзян будзе не вельмі вялікая, то ў любым выпадку Міністэрства замежных спраў унясе прапановы для таго, каб неяк стымуляваць грамадзян накіроўваць у наш адрас адпаведнае апавяшчэнне: ці ўвядзенне адпаведнай адказнасці, ці ўстанаўленне пэўных кантрольных мерапрыемстваў у дачыненні да гэтых асоб, якія маюць адпаведныя дакументы», — сказаў Бягун.
