
Палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і пісьменнік Павел Севярынец ужо больш за тры гады ўтрымліваецца ў зняволенні.
У траўні 2021 яму і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У красавіку адміністрацыя “папраўчай калоніі” № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ на 3 месяцы. Вядома, што ў яго праз гэта пачаліся праблемы са здароўем.
21 чэрвеня ў Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады. Два тыдні ад яго не было звестак, цяпер ягоная маці ў фэйсбуку паведаміла, што Павел знаходзіцца ў гарадзенскай турме № 1.
Падтрымаць палітвязня: Турма № 1. 230023, Гродна, Кірава, 1, Павел Канстанцінавіч Севярынец
