
Суд над журналістам і грамадcкім дзеячfм Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч пачаўся 10 ліпеня а 14.15 у Гарадзенскім абласным судзе.
Іх вінавацяць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове. Справу ў Гарадзенскім абласным судзе “разглядае” суддзя Максім Філатаў.
На судовым працэсе адвакатка стаіць у робе «Карцер 2».
Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч затрымалі 30 жніўня 2022 года, прычым Паўла пасля таго, як ён чарговы раз вярнуўся з Польшчы.
Юлія Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага.
23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Жанчына ўтрымліваецца пад вартай ужо больш за дзесяць месяцаў.
Як піша БелТА, згодна з матэрыяламі справы, Павел Мажэйка, «дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч», з лютага па сакавік 2022 года перадаў для размяшчэння на сайце «Белсата» інфармацыю ад Юліі Юргілевіч аб пазбаўленні яе ліцэнзіі адваката і выключэнні з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў і аб разглядзе Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнні яму пакарання.
Тым самым, паводле абвінавачання, Юлія Юргілевіч і Павел Мажэйка «групай асоб па папярэдняй змове аказалі іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, якое загадзя накіравана на планаванне, арганізацыю, падрыхтоўку і здзяйсненне замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады <> шляхам распаўсюджвання ў гэтых мэтах заведама фальшывых звестак».
Пасяджэнне праходзіць у адкрытым рэжыме.
