
Увечары 10 ліпеня другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі зноў падключылі да сеткі, паведаміла прэс-служба Мінэнерга.
Адбылося гэта нібыта «пасля паспяховага завяршэння планавых выпрабаванняў рэжымаў расхалоджвання рэактара ў рамках праграмы доследна-прамысловай эксплуатацыі». Цяпер, паводле прэс-службы міністэрства, ідзе паэтапны набор магутнасці рэактара.
Другі энергаблок БелАЭС быў часова адключаны ад электрасеткі 28 чэрвеня ў рамках праграмы выпрабаванняў. Да гэтага, у чэрвені, другі энергаблок таксама на некалькі дзён адключалі ад сеткі.
Пазней, як сцвярджаецца, у адпаведнасці з далейшай праграмай на другім энергаблоку будуць праводзіцца дынамічныя выпрабаванні на розных роўнях магутнасці з разгрузкай энергаблоку, у тым ліку да нулявога роўню, з наступнай ацэнкай характарыстык абсталявання перад яго комплексным апрабаваннем на праектнай магутнасці.
