МЗС Летувы скіравала беларускаму боку ноту ў звязку з спыненнем руху ў пункце пропуску „Меднікі” 8 ліпеня.

Нота была накіравана 9 ліпеня. Як тлумачыць летувіскае МЗС, у адпаведнасці з пагадненнем ад 1995 года паміж урадамі Летувы і Беларусі бакі павінны інфармаваць адзін аднаго аб прыпыненні руху праз мяжу цягам 24 гадзін, паведамляе Delfi. Таксама летувіскі бок настаяў на тым, каб беларускія органы „забяспечылі належны кантроль асобаў, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу”.

Нагадаем, інцыдэнт у пункце пропуску „Каменны Лог” (“Меднікі”) адбыўся 7 ліпеня. Грамадзянін Пакістана прад’явіў летувіскім памежнікам падробленыя дакументы. Яму адмовілі ва ўездзе ў Летуву. Беларускі бок таксама адмаўляўся яго прымаць. Летува прыпыніла рух праз „Мядзінінкай”. Праз суткі чакання на тэрыторыі паміж двума пунктамі пропуску пакістанец запытаў прытулак у Беларусі. Беларускі бок заяўляе, што пры выездзе з Беларусі ён прад’явіў дзейны пашпарт з беларускай візай.