У Гародні ў будынку абласнога суду працягваецца карны працэс над журналістам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч.

Нечаканая смерць мастака Алеся Пушкіна прымусіла ўспомніць пачатак усяго пераследу: 30 сакавіка 2021 года супраць Паўла Мажэйкі і Алеся Пушкіна была пачата крымінальная справа за выставу карцін мастака ў гарадзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця». Абаронцам па той справе была якраз Юлія Юргілевіч.

Сітуацыю для Беларускага Радыё Рацыя каментуе жонка Паўла Мажэйкі – Ірына Чарняўка:

– Такое ўражанне, што яны не набралі доказаў зусім, і зараз проста закідваюць суд смеццем. Гэта можа быць альбо каб цягнуць працэс, альбо зрабіць уражанне зробленай работы. Учора інфармацыя пра смерць Алеся Пушкіна з’явілася ў медыях, калі працэс ужо пачаўся. Сёння пасля абеду працэс працягваецца, і будзем разумець: ці паўплывала гэта на псіхічны стан тых хто чыніць гэты працэс, і на саміх вязняў. Паўлу гэтую інфармацыю ўжо пераказалі, і ён у курсе гэтай трагедыі.

Вядома, што 45-гадоваму Паўлу Мажэйку і 42-гадовай Юліі Юргілевіч, калі іх прызнаюць вінаватымі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Прысуд ім можа быць агучаны ўжо ў пятніцу, 14-га ліпеня.