
У пачатку верасня 2012 года мастакі Валянцін Варанішча, Алесь Цыркуноў, Генадзь Драздоў і Алесь Пушкін у Смаргоні зладзілі плэнер, прысвечаны гадавіне растрэлу Расціслава Лапіцкага – кіраўніка пасляваеннага антыкамуністычнага падполля. Намаляваныя карціны асвяцілі ў царкве, а затым ля помніка Багушэвічу ў парку зладзілі пэрформанс.
Зразумела, што акцыя не засталося без увагі органаў унутраных спраў. Па дарозе мастакоў затрымалі. Калі Алесю Пушкіну загадалі праследваць у аўта для далейшага разбіральніцтва, ён некалькі разоў запатрабаваў паўтарыць загад на беларускай мове. Не атрымаўшы адпаведнага рэагавання, лёг. Так яго і занеслі ў аўтамабіль.
Затым былі карныя дзеянні ўлады. Да найбольшага тэрміну – 10 сутак адміністрацыйнага арышту быў засуджаны менавіта Пушкін, бо да пакарання за “несанцыянаванае мерапрыемства” дадаўся артыкул за непадпарадкаванне органам.
Пасля сутак арышту была сустрэча мясцовымі патрыётамі хлебам-соллю на рушніку з нацыянальным арнаментам, спяванне “…біце, біце іх у сэрцы мячамі, не давайце чужынцамі быць…” Максіма Багдановіча.
З пастарунку Алесь, забраўшы карціну, разам з ёй скіраваўся ў райвыканкам, каб сустрэцца з кіраўніцтвам наконт усталявання помніка Расціславу Лапіцкаму. Пасля наведвання выйшаў і на прыступках вымавіў: – Помнік Леніну зносіць не будуць, помнік Лапіцкаму ўсталёўваць не будуць.
Але можна сказаць, што ініцыятыва Пушкіна сталася небезвыніковай. Праз пэўны час помнік Леніну з цэнтральнай плошчы Смаргоні ўсё ж прыбралі…





