
Беларускі грамадскі актывіст, краязнавец, актывіст Таварыства Беларускай Мовы Аляксандр Місцюкевіч нарадзіўся 14 ліпеня 1943 года ў вёсцы Піронім (Слонімскі раён). Усё жыццё ён працаваў на тэхнічных пасадах, звязаных далёка не з краязнаўствам, гісторыяй, беларускай мовай. У маладосці скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Працу пачаў электраманцёрам, потым працаваў на розных пасадах, урэшце перад выхадам на пенсію быў намеснікам дырэктара вучэбнага цэнтра Раённага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднаэнерга».
Значную частку свайго жыцця Аляксандр Місцюкевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, цікавіўся гісторыяй сваёй сям’і, гісторыяй роднага краю, даследаваў яе. У 1999 годзе быў абраны кіраўніком Гарадзенскага абласнога Таварыства беларускай мовы. Увесь наступны час разам з іншымі землякамі ён адраджаў беларускую мову на Гарадзеншчыне – вяртаў яе ў школы, на прадпрыемствы і ў арганізацыі. Разам з сябрам – кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам яны склалі маленькі зборнічак “Спявайце, братцы, спявайце”, у ім былі сабраныя песні рознага жанру. Гэта толькі адзін з прыкладаў яго беларускай дзейнасці.
Аляксандр Місцюкевіч сур’ёзна захапіўся гісторыяй сваёй роднай вёскі Піронім на Слонімшчыне. Збіраў пра яе розныя звесткі: ад успамінаў да архіўных матэрыялаў. Урэшце атрымалася кніга «Падарожжы па родных мясцінах», якая выйшла з друку ў Гродне ў 2016 годзе. У “Падарожжах па родных мясцінах” Аляксандр Місцюкевіч расказаў не толькі пра родную вёску Піронім, але і пра людзей, якія некалі мелі дачыненне да вёскі, былі яе гаспадарамі. Шмат новых архіўных звестак аўтар знайшоў пра шляхцічаў Бронскіх, якія мелі ў Піроніме суконную фабрыку. Аляксандр Місцюкевіч шмат пазнаходзіў у архівах прозвішчаў слонімцаў, якія бралі ўдзел у паўстанні 1863 года.
Аляксандр Місцюкевіч цягам многіх гадоў займаў пасаду старшыні Рады Гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Пазней, ужо ў сталым веку, перадаў эстафету маладзейшым паплечнікам. Місцюкевіч быў шчырым беларускім патрыётам, хрысціянскім вернікам. Вёў актыўны і настойлівы дыялог з уладамі пра вяртанне ў вонкавае афармленне Гродна беларускай дзяржаўнай мовы, захаванне малых архітэктурных формаў, якія абласныя ўлады спрабавалі схаваць ад жыхароў. Памятная гісторыя яго змагання за старую гарадзенскую брукаванку. Часта хадзіў з паплечнікамі ва ўстановы ўлады з імкненнем беларусізацыі горада над Нёманам, змагаўся за беларускамоўныя шыльды і іншыя аспекты навакольнага жыцця. Шмат высілкаў надаваў стварэнню беларускамоўных класаў у Гродне, праца гэтая патрабавала шмат вытрымкі і нервовай напругі, а вынікі з-за пагаршэння стаўлення дзяржавы да беларускай мовы былі не асабліва плённымі.
Місцюкевіч актыўна наведваў розныя літаратурныя і іншыя вечарыны, беларускамоўныя імпрэзы і акцыі, беларушчына цікавіла яго ў розных праявах. Спадара Аляксандра падтрымлівала ў гэтым і сям’я – беларускамоўныя жонка і дзеці. Вельмі любіў родную Слонімшчыну. Акрамя роднай вёскі Піронім апісаў гісторыю мясцовасцяў Львоўшчына, Ісаевічы і Дзераўная.
Апошнія гады жыцця Аляксандр Місцюкевіч часта хварэў. Памёр 11 снежня 2020 года ў гарадзенскім шпіталі пасля каронавіруснай інфекцыі. Пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў.
