Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу судзяць па новай крымінальнай справе. Кніга — гарадзенец, былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Яго засудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. 2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу ў гарадзенскім судзе Уладзіміру прысудзілі 4 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Пазней палітвязню ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму. У Жодзіне 29 чэрвеня над ім пачаўся суд за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі”. Справу “разглядае” суддзя Іван Грынкевіч — ён жа нядаўна засудзіў паводле гэтага артыкулу і Сяргея Ціханоўскага.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 20 ліпеня. Вядома, што Кнігу перыядычна змяшчаюць у ШІЗА. Усяго па стане на 15 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1479 чалавек, рэальная колькасьць нашмат большая. Пра многіх палітвязняў няма звестак.