
Дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі ўзмацняецца. Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» падрыхтавала агляд сітуацыі з беларускай мовай у Беларусі за 1 студзеня — 30 чэрвеня гэтага года, у якім зафікасаваныя выпадкі моўнай дыскрымінацыі. Паводле дадзеных Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, амаль 78% апытаных сутыкаліся з перашкодамі пры ўжыванні беларускай мовы, а 88% адчувалі асаблівае стаўленне да сябе праз тое, што размаўляюць па-беларуску.
На цяперашні час усе агульнанацыянальныя газеты, за выключэннем газеты «Звязда», выдаюцца на расейскай мове. Не лепшая сітуацыя склалася ў сферы абслугоўвання. Так, больш за 99% рэспандэнтаў паведамілі, што не атрымліваюць камунікацыі па-беларуску ў лякарнях і медыцынскіх установах. Праваабаронца Ігар Случак адзначыў, што ў Беларусі мае месца стыгматызацыя беларускай мовы. Ігар лічыць, што беларуская мова стала маркерам нелаяльнасці да ўладаў, мовай «ворагаў народа».
