Купанне ў возеры Юбілейным пад Гародняй цалком забаронена. Пра гэта распавялі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Там адзначылі, што за мінулы тыдзень адабрана і даследавана 127 пробаў вады, з іх 20 не адпавядала гігіенічным нарматывам.

Было прынятае рашэнне з 11 ліпеня поўнасцю забараніць купанне і дарослым, і дзецям у зоне купання №1 на Юбілейным возеры — гэта пляж каля выратавальнай станцыі.

Да гэтага ўжо было забаронена заходзіць у ваду ва ўсіх астатніх гарадскіх зонах адпачынку: «Цэнтральны пляж», «Лесапаркавая тэрыторыя «Урочышча Ласосна» з пляжам», «Лесапаркавая тэрыторыя «Урочышча Пышкі» з пляжам (сцежка здароўя)».

Акрамя таго, аналагічныя забароны дзеюць у зонах адпачынку ў аграгарадку Луцкаўляны Гарадзенскага раёну, у вёсцы Івашкаўцы Бераставіцкага раёну, а таксама ў вёсцы Рудаўка Свіслацкага раёну.

Забарона на наведванне лясоў на 15 ліпеня дзеіць ў шасці раёнах Гарадзенскай вобласці. Гаворка пра Гарадзенскі, Воранаўскі, Лідскі, Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі раёны. На астатняй тэрыторыі рэгіёну ўведзена абмежаванне на наведванне лясоў.