
Новая ўстаноўка будзе вырабляць да 1500 тон карбаміду за суткі. Інфармацыя пра будаўніцтва ўстаноўкі з’явілася на сайце Гарадзенскага гарвыканкаму.
Як вынікае з дакументацыі, у праграме развіцця і тэхнічнай мадэрнізацыі ААТ “Гродна Азот” на тэрмін з 2021 па 2025 год закладзены работы па рэканструкцыі двух дзеючых агрэгатаў па выпуску аміяку ў цэхах «аміяк-3» і «аміяк-4».
Чакаецца, што пасля работ павялічыцца выпрацоўка вадкага аміяку і дыяксіду вугляроду, якія якраз з’яўляюцца сыравінай для вытворчасці карбаміду. У выніку на прадпрыемстве вырашылі скарэктаваць праграму развіцця і ўнесці ў яе яшчэ адзін пункт – будаўніцтва новага агрэгата па вытворчасці карбаміду.
Пабудаваць новы цэх хочуць у паўночна-заходняй частцы тэрыторыі самога прадпрыемства ў межах існай агароджы. Размова ідзе пра ўчастак плошчай 6,76 га.
Паведамляецца, што для новай вытворчасці неабходна будзе ўзвесці некалькі вузлоў адгрузкі, чыгуначную эстакаду, адміністрацыйна-бытавы корпус, склады, ёмістасці для захоўвання кампанентаў і іншыя тэхнічныя пабудовы. Чакаецца, што калі новы цэх будзе гатовы, ён будзе выпускаць 1500 тон карбаміду за суткі (ці 500 тысяч тон за год).
Тэрміны будаўніцтва не акрэсліваюцца. Мяркуючы па плане, прыняць канчатковае рашэнне пра будаўніцтва новага цэху карбаміду на “Гродна Азот” маюць намер у верасні-кастрычніку бягучага году.
Нічога канешне пры тым не гаворыцца пра пагаршэнне экалагічнай сітуацыі ў горадзе.
