
У Гарадненскім абласным судзе аднавіўся разгляд справы 53-гадовага вартаўніка дзіцячага садку Валянціна Дуброўшчыка, якога абвінавачваюць па некалькі «экстрэмісцкіх» артыкулах.
Мужчыну абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК), у паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (ч. 1 арт. 342 КК).
Судовы працэс пачаўся яшчэ 3 красавіка, аднак затым быў абвешчаны перапынак. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Пра затрыманне Дуброўшчыка праваабаронцам стала вядома 2 верасня 2022 года. Тады паведамлялася, што гарадзенца абвінавачваюць у абразлівых каментарах у дачыненні да Лукашэнкі, Караніка, а таксама расійскіх салдат, што ваююць ва Украіне.
Падтрымайце Валянціна: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дуброўшчык Валянцін Уладзіміравіч
Вясна
