фота мае ілюстрацыйны характар

У Адзіным рэестры пустых дамоў зараз захоўваецца інфармацыя больш як пра 10 тысяч будынкаў. Выданне Office life адзначае, што яшчэ ў траўні ў рэестры было толькі 6, 6 тысяч такіх аб’ектаў.

Адзіны рэестр апусцелых дамоў пастаянна актуалізуецца. Цяпер у ім змяшчаецца інфармацыя больш як 10 тысяч дамах, у тым ліку датычна якіх праводзяцца мерапрыемствы па пошуку ўласніка, якія пустуюць, а таксама датычна якіх прынята рашэнне аб іх продажы, – адзначаецца на сайце Дзяржаўнага камітэту па маёмасці Рэспублікі Беларусь.

Доступ да рэестру адкрыты і бясплатны. Усе жадаючыя могуць паглядзець характарыстыкі той ці іншай хаты, даведацца яе месцазнаходжанне, стан, час забудовы. Усе гэтыя даныя збіраюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Таксама ў ведамстве адзначылі, што на публічнай кадастравай карце ёсць пласт з інфармацыяй пра месцазнаходжанне пустых жылых дамоў, прызначаных для продажу. Гэты пласт стварылі якраз на аснове даных з рэестру.

Рэестр запрацаваў у пачатку 2023 году. Тады ў ім была інфармацыя толькі пра 1200 дамоў. Спіс пачалі фармаваць у адпаведнасці з Указам Лукашэнкі №116 ад 24 сакавіка 2021 году «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі». Акрамя гэтага, дакумент вызначае “парадак прысваення дамам статусу пустых і парадак іх рэалізацыі”.

Тэндэнцыя росту пустых дамоў тлумачыцца двума фактарамі: фізічным выміраннем вясковага насельніцтва краіны, а таксама выездам тысячаў людзей за межы Беларусі ў выніку пераследу. Выязджаючы, яны змушаныя пакідаць свае лецішчы і вясковыя дамы.