
19 ліпеня ў судзе Ленінскага раёну разглядалася адміністрацыйная справа былога футбаліста і прадстаўніка клубу “Нёман” Дзмітрыя Кавалёнка. Яго павінна была пакараць небезвядомая суддзя Наталля Козел. Якую пастанову яна абвесціла – пакуль невядома.
Напомнім, што Кавалёнка затрымалі 28 чэрвеня. Праўладны канал сцвярджаў, што на мужчыну нібыта паскардзіліся самы футбалісты «Нёмана»: маўляў, ён «навязваў ім экстрэмісцкія ідэі».
45-гадовы Дзмітрый Кавалёнак – адзін з найбольш адданых «Нёману» людзей. За клуб ён гуляў ажно 14 сезонаў, не пакінуў каманду ў час яе фінансавых праблем і застаўся працаваць у структуры клубу. А ў 2020 годзе адмовіўся падпісвацца пад праўладным лістом.
У гэты ж сама дзень, 19 ліпеня, у тым жа будынку судзілі па адміністрацыйнай справе гарадзенку Юлію Самойлу. Яе справу вяла суддзя Ганна Лявусік. Фігураваў той жа артыкул КаАП – 19.11, частка 2 (“распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”).
