80 гадоў таму,19 ліпеня 1943 года, у Ніжне-Амурскім ГУЛАГу загінуў беларускі паэт і перакладчык Сяргей Дарожны (сапраўднае прозвішча Сяргей Серада, 1909-1943).

Сяргей Дарожны нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, які служыў у Слоніме. Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку забралі на фронт, а сям’я Серады была эвакуявана ў Варонеж. Бацька з вайны не вярнуўся. А Сяргея, пасля вяртання з бежанства, маці аддала ў Мазырскі дзіцячы дом.

Першыя вершы Сяргея Дарожнага з’явіліся ў друку ў 1925 годзе. А праз год выйшаў яго першы зборнік вершаў (супольна з Ізраілем Плаўнікам) “Звон вясны”. Сяргей стаў актыўным сябрам літаб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Шмат друкаваўся. У 1930 годзе ён скончыў Белдзяржуніверсітэт. Свет пабачылі яго новыя зборнікі вершаў “Пракосы на памяць” і “Васільковы россып”. Сяргей Дарожны стаў сябрам Саюзу пісьменнікаў Беларусі. У тыя даваенныя гады ён быў адным з самых папулярных паэтаў. Яго запрашалі на сустрэчы і літаратурныя вечары. Творчасць Сяргея Дарожнага любіла беларуская моладзь, ім захапляліся, на яго словы пісалася музыка і гучалі песні…

У жніўні 1936 года Сяргей Дарожны жыў у Менску. Яго арыштавалі органы НКВД. І, як “члена антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі” засудзілі да 8 гадоў савецкага канцлагеру. Сяргея Дарожнага адправілі на Далёкі Усход будаваць Камсамольск-на-Амуры. Адтуль ён ужо не вярнуўся. Рэабілітавалі паэта ў канцы 1954 году. А ў 1966 годзе выйшаў невялікі зборнічак “Выбраных вершаў”. 57 гадоў творы паэта Сяргея Дарожнага ў Беларусі не выдаваліся асобнымі зборнікамі. Па-ранейшаму яго паэтычная творчасць знаходзіцца пад “рэпрэсіямі” і не сабрана ў асобны том, хаця напісана ім было шмат.