
Пад Слонімам прадаюць былы дом фальклору. Будынак можна будзе перарабіць пад жыллё ці краму.
Афіцыйна пабудова называецца як Бердавіцкі дом фальклору. Будынак гэты ў вёсцы Шышкі ў Слонімскім раёне і быў узведзены ў 1970 годзе. Яго плошча – 177 квадратных метраў. У ім дашчаныя падлогі і драўляныя вокны і дзверы, а таксама пячное ацяпленне. У «камплекце» з домам фальклору ідуць два хлявы і тэраса.
Цяперашнім уласнікам пабудовы ёсць Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў. Аднак гэтая ўстанова культуры хоча знайсці будынку новага ўладальніка, для чаго выставіла дом на адкрытыя таргі. Яны прызначаны на 21 жніўня і адбудуцца на электроннай пляцоўцы “БУТБ-Маёмасць”. Пачатковы кошт – 19 540 рублёў.
Паводле ўмоваў новы гаспадар павінен будзе перарабіць былы дом фальклору пад аб’екты грамадска-дзелавога, камунальна-бытавога, гандлёвага, рэкрэацыйнага, ці жылога прызначэння.
