
Палітвязень Уладзімір Гундар, які цяпер адбывае свой тэрмін у Бабруйскай выпраўленчай калоніі №2, рэгулярна дасылае лісты родным. З апошняга ліста, дзе ён піша пра пасылку з адзеннем, на якую мае права раз на год, вынікае, што Гундар рыхтуецца да турмы. Ад харчовай пасылкі на 50 кілаграм таксама раз на год палітвязень адмовіўся. Бо такую колькасць прадуктаў няма дзе захоўваць, кажа жонка:
— Ён мне напісаў колькі яму дазволена пасылак паводле закону, але пасылкі харчовыя, ён сказаў, каб я нават не думала пасылаць. Яму дазволеная толькі адна рэчавая пасылка ў год. Пра яе ён мне напіша пазней, дасць спіс, што даслаць. Але ён падкрэслівае: дашлеш мне гэта ўжо ў турму.
У Бабруйску Гундар сядзеў у ШІЗА ўжо тройчы. Нагадаем, што грамадскі актывіст, палітвязень Уладзімір Гундар асуджаны на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, асноўны тэрмін з якіх 18 гадоў па «справе Аўтуховіча».
Беларускае Радыё Рацыя
