Знак, пастаўлены на чыгуначным вакзале ў гонар паўстанцаў 1863-64 гадоў, знік, замест яго вісіць шыльда ў гонар нейкіх, невядомых раней гарадзенцам, савецкіх чыгуначнікаў-падпольшчыкаў, піша гродзенскі тэлеграм-канал 11.27.

У 1863 г. паўстанцы хацелі выкарыстаць чыгунку для хуткага перакідвання атрадаў. Чыгуначнікі выступілі на баку паўстанцаў.

Увечары 14 сакавіка каля вакзалу сабралася каля ста гарадзенцаў, якія хацелі далучыцца да паўстання. Яны спрабавалі захапіць цягнік і з’ехаць у Парэчча, а потым агульнымі сіламі захапіць Гародню. Але ў мітусні са станцыі рушыў толькі лакаматыў. Дзясяткі ўзброеных гарадзенцаў засталіся ў вагонах, якія былі адчэпленыя і нікуды не паехалі.

Пасля няўдалага ўгону цягніка арыштавалі 73 чалавекі. 17 верасня Міхаіл Мураўёў падпісаў канфірмацыю, згодна з якой 25 гарадзенцаў за інцыдэнт 14 сакавіка выслалі ў Сібір.

Да Парэчча дабралася ўсяго 7-8 чалавек на чале з кіраўніком станцыі Гародні Кульчыцкім. Той паспеў з сабою прыхапіць 10 000 рублёў з касы чыгункі.

Шыльду ў гонар паўстанцаў усталявалі каля 30 гадоў таму. Цяпер яна перашкодзіла гарадзенскім уладам.