У Лідзе з друку выйшаў першы сёлетні нумар краязнаўчага, гістарычна-літаратурнага часопіса “Лідскі летапісец”. Па ліку гэта ўжо 101 нумар выдання. І калі іх сабраць і сшыць пад адну вокладку, то атрымаецца вялікі том гістарычнага летапісу Лідчыны. Пахваліцца падобным выданнем не можа ні адзін райцэнтр Беларусі.

Адкрываецца часопіс інфармацыямі пра тое, як сёлета на Лідчыне праходзілі 16-я агульнанацыянальная дыктоўка і Дзень роднай мовы. Дарэчы, сёлета на Лідчыне пісалі беларускую дыктоўку каля 9300 чалавек. Акрамя таго была праведзена маса самых розных мерапрыемстваў у падтрымку роднай мовы.

Змешчана ў часопісе вялікая кроніка Ліды, інфармацыя пра вынікі сацыяльна-эканамічнае развіццё Лідчыны за 2022 год, а таксама пра прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і праект бюджэту Лідскага раёна на 2023 год.

Друкуе часопіс цікавыя артыкулы Леаніда Лаўрэша “260 гадоў бульбе на Лідчыне”, “Гарадское самакіраванне Ліды ў другой палове XIX стагоддзя”, “Гісторыя двух, амаль што аднатыпных будынкаў у Лідзе”, артыкулы пра лідскіх юбіляраў – Алеся Жалкоўскага і матэрыял прафесара Святланы Марозавай з Гародні пра Леаніда Лаўрэша, бібліяграфія яго кніг і публікацый.

З цікавасцю чытачы прачытаюць даследаванне Віктара Кудлы “Дроздава” і Альжбеты Табенскай “З долі і нядолі” і шэраг іншых публікацый. Знаёміць часопіс і з найбольш значнымі гістарычнымі выданнямі апошняга часу.

Беларускае Радыё Рацыя