
Дзяніс Івашын пасля доўгага няведання пра сітуацыю з ім урэшце патэлефанаваў сваім блізкім. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Вольга Івашына:
“Дзень сёньня зранку выдаўся цудоўным. Пачаўся ён з… нечаканага тэлефанаваньня Дзяніса Івашына! Мы здолелі паразмаўляць усяго пару хвілінаў праз тэхнічныя складанасьці з майго боку. Але ж Дзяніс пасьпеў павіншаваць мяне з заўтрашнімі ўгодкамі нашага шлюбу й сказаць, што я – усё самае дарагое й важнае ў яго жыцьці! Я пасьпела яшчэ раз яго павіншаваць з Народзінамі, бо мой віншавальны ліст Дзяніс пакуль не атрымаў. Паколькі сувязь перарвалася, а на тэлефанаваньне кожны вязень гэтае турмы мае да 15 хвілін, супрацоўнікі адміністрацыі дазволілі Дзянісу патэлефанаваць другі раз, і ён зьвязаўся з маці.
Такім чынам мы даведаліся, што Дзяніс, калі ўсё зь ім будзе ў парадку, зможа тэлефанаваць нам раз на месяц. Спадзяемся, што так і будзе далей. А Дзяніс, мяркую, быў вельмі ўдзячны адміністрацыі за саму магчымасьць патэлефанаваць. Голас у Дзяніса быў, як звычайна, аптымістычны й баявы, як і ягоны настрой. Ён даведаўся трошкі навінаў пра нас, пра свайго абаронцу ды нашае лецішча, то, пэўна, застаўся задаволеным”.
Вольга Івашына паведамляе таксама, што ў той жа дзень ёй дайшоў ад Дзяніса ліст
№46 з чамусьці замаляванай датай і ў ім дадатковая прыгожая паштовачка.
