Алена Клімовіч, намеснік старшыні Лідскага райвыканкаму Генадзь Владыка

На якой бы пасадзе не працаваў сённяшні дзяржаўны чыноўнік ці службовец у Беларусі – ён абавязаны быць прапагандыстам. Не прафесіяналізм, не дзелавыя якасці вызначаюць гэтую касту чыноўнікаў – а менавіта майстэрства ісці, як яны кажуць ” в ногу со временем”. На мінулым тыдні ў Лідзе прайшло адразу два прапагандысцкія мерапрыемствы. Пра іх расказвае “Лідская газета”.

У Лідзе прайшло выяздное паседжанне (далей на мове арыгіналу) Межведомственного совета по формированию здорового образа жизни, контролю за неинфекционными заболеваниями, предупреждению и профилактике пьянства, алкоголизма, наркомании и потреблением табачного сырья и табачных изделий при Совете Министров Республики Беларусь. У горад прыехалі намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, члены савету, прадстаўнікі іншых органаў дзяржкіравання і мясцовай улады. Дэлегацыя наведала некалькі лідскіх установаў.

Па словах Ігара Петрышэнкі больш 2,5 мільёнаў беларусаў актыўна і рэгулярна займаюцца фізічнай культуры і спортам. Прычым 1,5 мільёна з іх – гэта дзеці. Чыноўнікі любяць статыстыку, якую нічым нельга пацвердзіць.

А на прадпрыемстве ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” была іншая дэлегацыя. На гэтай сустрэчы, куды дырэктыўна сабралі поўную залю, абмяркоўваліся “вопросы демографической безопасности, геноцида белорусского народа в годы Великой Отечественной войны, безопасного отдыха на воде”. Спецыялістам па дэмаграфіі на гэты раз выступіла начальнік упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч.

А пра генацыд расказаў намеснік пракурора Лідскага раёну Мікіта Мыслівец. Гэты малады чалавек зрабіў імклівую кар’еру на палітычных крымінальных працэсах у Гародні, цяпер займае досыць высокую пасаду для свайго ўзросту і стаў адмыслоўцам па многіх пытаннях.

Мікіта Мыслівец

Пакуль у раёне адбываліся “мероприятия”, старшыня Лідскага райвыканкаму Сяргей Ложачнік разам з сваёй неадменнай спадарожніцай Інэсай Белуш (старшыня Лідскага раённага савету “дэпутатаў”) збіраліся і ўрэшце выправіліся ў Пінск у “тур выходного дня”. Пра гэта таксама расказала “Лідская газета”. Узнікаюць, праўда, натуральныя пытанні. Калі гэта “тур выходного дня”, то чаму за дзяржаўны кошт? А калі гэта проста адпачынак чыноўнікаў за свае грошы, то чаму пра гэта расказвае афіцыйны раённы медыйны орган?