
У будынку Гарадзенскага абласнога суду 24 ліпеня пачынаецца крымінальны працэс у дачыненні да жыхара Скідаля Міхаіла Мякекі. Яго затрымалі пасля вяртання з Польшчы яшчэ ў лістападзе 2022 году.
Мужчына жыў у Польшчы паўтара гады, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь. Па версіі сілавікоў, менавіта ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Таксама ён нібыта пісаў паведамленні з пагрозамі сілавікам.
Працэс вядзе суддзя Віктар Сянько. Ён вядомы тым, што ў красавіку бягучага году прызначыў па крымінальнай справе былому мытніку Мікалаю Куляшову пяць гадоў калоніі, двойчы палітзняволенай Аніце Бакуновіч — тры з паловай гады зняволення, студэнту Ягору Курзіну — тры гады калоніі.
У справе Міхаіла Мякекі фігуруюць ажно 5 (!) артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі),
ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці),
ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці),
ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што моцна парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
ч. 2 арт. 366 (Гвалт альбо пагроза ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак).
