
Маці палітзняволенага Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў гарадзенскай турме, расказала апошнія навіны пра сына.
У размове з «Народнай Воляй» Таццяна Севярынец распавяла, што ад Паўла ўжо пачалі прыходзіць лісты з Гарадзенскай турмы №1, куды яго этапавалі са шклоўскай калоніі:
«Спачатку адразу тры лісты атрымала, пасля чаго больш за тыдзень нічога не было. Затым адразу сем лістоў дайшлі да мяне, і праз час яшчэ адзін дайшоў. Я запісваю нумары паштовак, таму бачу, што аб’явіліся нават тыя лісты, якія лічыліся зніклымі. Яшчэ мяне здзівіла, што на адным лісце сын указвае адзін нумар камеры, у другім — іншы, у трэцім — трэці. Не ведаю, што там адбываецца, магчыма, сына перакідваюць з камеры ў камеру».
«Паша трымаецца, усім прывітанне перадае. Усё разумее і ўсё ведае. А калі пра нешта і не ведае, то здагадваецца, як яно павінна быць. Сын — чалавек вельмі адукаваны».
«Паведамляе каротка: “Дзякуй Богу, у мяне ўсё добра”. Натуральна, што ніякія падрабязнасці свайго знаходжання ў турме не можа напісаць, цэнзура гэта проста не прапусціць на волю».
