
У адзін з выходных дзён гарадзенскія прадстаўнікі БРСМ, які больш дакладна варта называць адроджаным савецкім камсамолам, выйшлі на вуліцу Будзёнага, што насупраць кансуляту Польшчы на пікет з нагоды “ратавання” Аўгустоўскага каналу. Мясцовыя камсамольцы сталі вінаваціць польскі бок ледзь не ў экалагічнай катастрофе. Пры гэтым толькі адзінкі бэрэсээмаўцаў не хаваліся. Бальшыня ж удзельнікаў пікету старанна хавалі свае твары, што выразна відаць на фотаздымках. Балазе гэтаму спрыяла і надвор’е, дождж дазваляў ідэйным актывістам захутвацца.

Праблема з Аўгустоўскім каналам сапраўды паўстала. Ровень вады ў канале упаў больш чым на паўметра, шлюзаванне ўсіх маламерных суднаў, у тым ліку байдарак, часова прыпынена на ўсёй працягласці беларускай часткі Аўгустоўскага каналу. Такія меры прынятыя дзеля захавання ўнікальнага гідратэхнічнага аб’екту.
Кожная працэдура шлюзавання прыводзіць да таго, што адбываецца скід вады з Аўгустоўскага каналу ў Нёман. У звязку з умовамі надвор’я, істотна знізілася плынь вады з боку Рэспублікі Польшча. І гэты струмень вады не дазваляе нівеляваць той аб’ём вады, які беларускі бок скідае за час шлюзавання. Але вінаваціць польскі бок у экалагічнай “дыверсіі” проста абсурдна. Ідэолагі ж пастанавілі скарыстацца сітуацый па-палітыканску – “комсомол ответил: “Есть!”.
Гарадзенскім камсамольцам лепш варта звярнуць увагу на экалагічную катастрофу па віне мясцовых уладаў з рэчкай Ласасянкай. З яе сістэмна спускаюць ваду, гэта прывяло да таго, што заўсёды поўнаводная рэчка зараз зарастае і пераўтварылася ў балота. Жыхары Каробчыцаў ня могуць цяпер купацца ў Ласасянцы як раней, а лукашэнкаўскія ўлады не дбаюць пра сітуацыю.
