
Сёння ў гарадзенскім абласным судзе ў 17.00 паводле беларускага часу будзе абвешчаны прысуд па крымінальнай справе палітвязняў Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч.
У абвінавачванні было агучана, што нібыта Павел Мажэйка з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юліі Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката і выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні Алеся Пушкіна і прызначэння яму пакарання.
Пракурор запатрабаваў для палітвязняў 6 гадоў калоніі кожнаму.
Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч затрымалі 30 жніўня 2022 года, прычым Паўла пасля таго, як ён чарговы раз вярнуўся з Польшчы.
Юлія Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства».
Паводле абвінавачання, Юлія Юргілевіч і Павел Мажэйка «групай асоб па папярэдняй змове аказалі іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, якое загадзя накіравана на планаванне, арганізацыю, падрыхтоўку і здзяйсненне замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады “шляхам распаўсюджвання ў гэтых мэтах заведама фальшывых звестак”.
Працэс вёў сумнавядомы Максім Філатаў.
