
Летувіскі Мінтранс папрасіў Дэпартамент дзяржбяспекі ацаніць, наколькі рызыкоўна пакідаць пасажырскія зносіны з Беларуссю. У міністэрстве мяркуюць, што ацэнка рызык такой дзейнасці дапаможа скараціць аб’ёмы пасажырскіх перавозак з Беларуссю і нават наогул выключыць іх, піша мясцовае выданне tv3.lt.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі раней публічна неаднаразова заклікаў грамадзян Летувы адмовіцца ад паездак у Беларусь. У выведцы заяўлялі, што на мяжы летувіскіх грамадзян дапытваюць і схіляюць да супрацы.
Прэзідэнт Летувіскай асацыяцыі пасажырскіх перавозак Гінтарас Накуціс сказаў, што ўпершыню пачуў пра жаданне Мінтранса абмежаваць пасажырскія перавозкі ў Беларусь.
“Я не ведаю, колькі падарожнічае грамадзян Летувы, але сярод пасажыраў вельмі шмат беларусаў, якія вандруюць аўтобусамі, у якіх няма іншых варыянтаў вярнуцца з Еўропы. Паколькі яны працуюць і ў Летуве, і ў іншых краінах Еўразвязу, ім трэба вярнуцца дадому. Бо самалётаў больш няма, яны вяртаюцца аўтамабільным транспартам. У Вільнюс яны ляцяць на самалёце, а з Вільнюса ў Беларусь едуць аўтобусам. Там беларусы”, — кажа прэзідэнт Летувіскай асацыяцыі пасажырскага транспарту.
Цяпер перавозкамі ў Беларусь займаюцца 11 летувіскіх перавозчыкаў і 22 беларускія перавозчыкі.
