У судзе г. Жодзіна 25 ліпеня палітзняволенага Уладзіміра Кнігу засудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Суддзя Іван Грынкевіч прызнаў Уладзіміра вінаватым і прызначыў яму яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. Раней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі з барысаўскай калоніі на турэмны рэжым у Жодзіна, дзе мінімум чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА.

 Уладзімір Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Уладзіміра затрымалі 4 чэрвеня 2020 года пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Гародні. Раней Кніга служыў у міліцыі, у патрульна-паставой службе спецыяльнага прызначэння, але не ў АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне ўлады. Праз два гады ён вызваліўся. Апошнім часам працаваў кіроўцам смеццявоза.

Яго звінавіцілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гародні (ч.1 арт. 342 КК)а таксама ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). 

У Гародні 2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу Уладзіміру прысудзілі 4 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Тэрмін яго накіравалі адбываць у барысаўскую калонію № 14, дзе неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. Праз шматлікія “парушэнні” правілаў унутранага распарадку (ПУР) палітвязню ўзмацнілі рэжым і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Вядома, што там яго таксама больш за чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Пазней па ініцыятыве адміністрацыі жодзінскай турмы супраць Кнігі ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі).

У Жодзіне 29 чэрвеня над ім распачаўся суд. Справу разглядаў суддзя Іван Грынкевіч — ён жа нядаўна асудзіў паводле гэтага артыкула і Сяргея Ціханоўскага.

25 ліпеня Уладзіміру агучылі прысуд — прызначыць яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі.


Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, лістамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Уладзімір Іванавіч Кніга