Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што звыш 100 наймітаў расейскай ПВК «Вагнер» перакінулі ў раён Сувалкскага калідору. Пра гэта палітык сказаў падчас візіту ў Глівіцы.

Ён упэўнены ў тым, што за гэтай перадыслакацыяй можа пасьледаваць чарговая гібрыдная атака на польскую тэрыторыю. Маравецкі ўспомніў, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўжо два гады правакуе Польшчу, выкарыстоўваючы мяжу і мігрантаў на ёй, прыводзіць ягоныя словы агенцыя PAP.

«Цяпер сітуацыя яшчэ больш пагрозьлівая. Маем інфармацыю, што звыш 100 наймітаў „Вагнеру“ перасунулася ў бок Сувалкскага калідору, непадалёк Гародні ў Беларусі».

Маравецкі лічыць, што, імаверна, «вагнераўцы» пераапрануцца ў форму беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць мігрантам нелегальна трапляць на тэрыторыю Еўразьвязу.

Ён таксама дапускае, што самі «вагнераўцы» могуць пачаць прыкідвацца мігрантамі, каб штурмаваць мяжу. І гэта «стварае дадатковыя рызыкі» для Польшчы.