
фота мае ілюстрацыйны характар
У жніўні беларусаў чакае павышэнне пенсіяў і дапамогі на дзяцей. Таксама будуць змены ў працы банкаў, АРІП і крамаў. Акрамя таго, абновяць спісы «дармаедаў» і ліквідуюць палітычныя партыі.
Новыя санкцыі
Да трэцяй гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года павінны быць абвешчаныя новыя санкцыі ў дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Як чакаецца, гэта будуць пакеты за рэпрэсіі ўнутры Беларусі і за падтрыманне вайны Расеі супраць Украіны. Адзін пакет быў прыняты напрыканцы ліпеня, але пакуль не апублікаваны.
Суды над мёртвымі
З 1 жніўня пачнуць дзейнічаць змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. У прыватнасці, суды змогуць разглядаць крымінальныя справы, фігуранты якіх памерлі, калі справа датычыцца злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва, генацыду, міжнароднага тэрарызму, выкарыстання зброі масавага паражэння, ваенных злачынстваў і г. д. Новаўвядзенне закранула каля дзясятка артыкулаў КК.
Ліквідацыя партыяў
Таксама працягнецца ліквідацыя палітычных партыяў. 9 жніўня Вярхоўны Суд зоймецца ліквідацыяй Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды. На 14 жніўня прызначаны разгляд пазову аб ліквідацыі Партыі БНФ, на 31 жніўня – Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Агулам улады маюць намер ліквідаваць 12 з 16 партыяў.
Завяршаецца ўступная кампанія
У жніўні ў Беларусі завяршаецца прыёмная кампанія. Унутраныя ўступныя экзамены пройдуць у большасці ВНУ да 2 жніўня. Залічаць бюджэтнікаў да 4 жніўня. У платнікаў, якія не здаюць уступных экзаменаў, дакументы ў большасці ВНУ прымаюць да 9 жніўня, у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС – да 3 жніўня, на вочнай форме атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях – да 10 жніўня, на завочнай – з 15 лістапада да 5 снежня.
У каледжы для абітурыентаў, якія здаюць уступны экзамен, дакументы на бюджэтнае і платнае аддзяленні на аснове агульнай базавай адукацыі прымаюць да 3 жніўня, а на аснове агульнай сярэдняй – да 12 жніўня.
Пачынаецца прызыў у войска
Адначасова ў жніўні пачынаецца прызыў на тэрміновую службу. У жніўні – лістападзе плануецца прызваць на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве грамадзянаў Беларусі мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрмінаванне.
Расце бюджэт пражытковага мінімуму
З 1 жніўня бюджэт пражытковага мінімуму падвышаецца. У сярэднім на душу насельніцтва ён складзе Br 364,4 і павялічыцца на 3,5 %. Для працаздольнага насельніцтва памер пражытковага мінімуму будзе Br 403,94, для пенсіянераў – Br 271,09, дзяцей ва ўзросце да трох гадоў – Br 232,41, дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў – Br 319,5, дзяцей ва ўзросце ад шасці да васемнаццаці гадоў – Br 388,35.
Вырастуць пенсіі і дапамогі
У сувязі з ростам бюджэту пражытковага мінімуму і сярэдняга заробку з 1 жніўня павялічацца таксама пенсіі і дапамогі. Так, на 7,5 % вырасце дапамога для догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. З 1 жніўня 2023 года да 31 студзеня 2024 года памеры дапамогі складуць: на першае дзіця – Br 651,35, на другое і наступных дзяцей – Br 744,4, на дзіця-інваліда – Br 837,45.
Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці будзе Br 3644, другога і наступных дзяцей – Br 5101,6. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе Br 364,4.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у час выхавання дзіцяці да трох гадоў, а таксама на дзяцей, старэйшых за тры гады, якія выхоўваюцца ў асобных катэгорыях сем’яў (акрамя дзіцяці-інваліда), складзе Br 182,2, на дзіця-інваліда старэйшага за тры гады – Br 255,08.
Штомесячная дапамога на догляд дзіцяці-інваліда з I і II ступенню страты здароўя да спаўнення 18 гадоў і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці трох гадоў складзе Br 364,4, з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці трох гадоў – Br 437,28. Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаваных ВІЧ, складзе Br 255,08.
Памер пенсіі інвалідам І групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, будзе Br 400,84, інвалідам з дзяцінства ІІ групы – Br 346,18, інвалідам ІІ групы – Br 309,74, інвалідам ІІІ групы – Br 273, 3. Дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры І ступені страты здароўя выплачваецца пенсія памерам Br 291,52, ІІ – Br 309,74, ІІІ – Br 346,18, ІV – Br 400,84.
Таксама з 1 жніўня павялічацца «ўзроставыя» даплаты да пенсій. Для людзей ва ўзросце 75-79 гадоў іх памер складзе Br68,33,80 гадоў і больш (з улікам надбаўкі на догляд) – Br136,65, а пры наяўнасці інваліднасці першай групы – Br182,2.
Матэрыяльная дапамога да школы
Перад пачаткам навучальнага года шматдзетныя сем’і ў Беларусі могуць разлічваць на дапамогу, каб падрыхтаваць дзяцей да школы. Кожнаму школьніку з такіх сем’яў належыць матэрыяльная дапамога памерам Br 109,32.
Рост дапамогі на пахаванне
Памер дапамогі на пахаванне пераглядаецца штомесяц у залежнасці ад сярэдняга па краіне заробку за пазамінулы месяц. З 1 жніўня гэтая выплата складзе Br 1927,1, што на Br 66 больш, чым у ліпені.
Платныя медпаслугі па выходных
1 жніўня стартуе новы эксперымент у ахове здароўя, які працягнецца да 1 верасня 2024 года. Медыцынскія дзяржустановы за грошы ў выходныя будуць надаваць пацыентам першасную, спецыялізаваную і высокатэхналагічную дапамогу. Для гэтага будуць задзейнічаныя 39 дзяржарганізацыяў аховы здароўя: у тым ліку РНПЦ, клінічныя шпіталі ў Менску і лячэбныя ўстановы ў рэгіёнах.
Стаўкі па крэдытах захаваюцца
Нацбанк працягнуў да канца жніўня дзеянне ліпеньскіх значэнняў разліковых велічынь стандартнай рызыкі. Для новых крэдытаў у рублях для юрыдычных асоб яны складаюць – 10,82 % гадавых, для фізічных асоб – 14,61 % гадавых. Гэта не датычыцца льготных крэдытаў. Разліковыя велічыні стандартнай рызыкі абмяжоўваюць верхні парог адсоткавых ставак, перавышэнне якога лічыцца прыкметай высока рызыкоўных паводзінаў.
«WebMoney» – усё
«Тэхнабанк» з 21 жніўня спыніць эмісію электронных грошай WBM міжнароднай плацежнай сістэмы «WebMoney Transfer». «Тэхнабанк» выступае гарантам для WBM з 2006 года. Зняць WBM у рублях можна будзе цягам трох месяцаў.
Змены ў працы банкаў
«Банк ВТБ (Беларусь)» з 1 жніўня знізіць з 15 % да 10 % ад сумы камісію за залічэнне грошай на бягучыя рахункі кліентаў, а таксама за выдачу наяўных без адкрыцця рахунку. Мінімальная камісія па-ранейшаму будзе роўная Br 15 у эквіваленце. Камісія за залічэнне сродкаў на рахункі рэзідэнтаў у рублях захаваецца на ўзроўні 3,5 % ад сумы.
«Тэхнабанк» з 1 жніўня ўнясе змены ў дамовы на зарплатнае абслугоўванне, да якіх прадугледжаны выпуск плацежнай карткі. Банк прапануе кліентам самім разабрацца ў тым, што канкрэтна скарэктуюць.
«Белгазпрамбанк» з 14 жніўня знізіць камісію за рэгістрацыю і ўнясенне змяненняў у валютныя дамовы на пляцоўцы Нацбанку. Цяпер за рэгістрацыю рэзідэнта Беларусі банк бярэ Br 25, а за ўнясенне зменаў – Br 12. З 14 жніўня гэтыя сумы знізяцца да Br 15 і Br 7 адпаведна.
Бюджэт на 2024 год
1 жніўня праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2024 год будуць разгледжаныя на пасяджэннях прэзідыуму Савета Міністраў, а 29 жніўня – і самога Саўміну. Пасля іх павінен зацвердзіць Лукашэнка.
Падаражэюць аўтамабілі?
У Расеі з 1 жніўня падвышаюць стаўкі ўтылізацыйнага збору на аўтамабілі. Чакаецца, што машыны, якія ўвозяцца афіцыйна, вырастуць у цане на 5–10 %, паралельным імпартам – да 20 %. У Аўтамабільнай асацыяцыі «БАА» лічаць, што рост утыльзбору амаль не адаб’ецца на коштах у Беларусі, калі аўтамабіль выраблены ў Расеі. Але паміж краінамі няма механізму вяртання ўтылізацыйнага збору, выплачанага на мытні ў краіне ўвозу пры продажы аўта ў іншыя краіны ЕАЭС. І ў выпадку рээкспарту такі збор давядзецца выплачваць двойчы.
Даражэюць цыгарэты
З 1 жніўня на 30 капеек вырастуць кошты на некаторыя віды цыгарэт «Dunhill», «Pall Mall», «Kent» і «Vogue». На 35 капеек падаражэе «Kent Feel Aroma». Цана на «Camel Compact Blue Special», «Camel Compact Special» і «Richmond Evo Ruby Impulse» складзе Br 4,6, «Camel Compact Аctivate Purple Special» і «Camel Compact Аctivate Ruby Special» – Br 4,7.
Абавязковы мінімум асартыменту тавараў
У другой палове жніўня пачнуць дзейнічаць змяненні і дапаўненні ў пастанову МАРГ № 74, якія датычаць асартыментнага пераліку тавараў, штомусяць быць у наяўнасці ў крамах. Ведамства скарэктавала тэрміны абавязковай прысутнасці на паліцах крамаў свежай бульбы, яблыкаў, цыбулі, морквы, буракоў і капусты ў залежнасці ад пары года.
Новаўвядзенні ў АРІП
З 10 жніўня ўводзяцца змены ў працы АРІП. Навацыі закрануць пастаўлялльнікаў паслуг, якія працуюць праз гэту сістэму: ІП, інтэрнэт-крамаў і гандлёвых пляцовак. Як заяўляецца, робіцца гэта для прадухілення легалізацыі злачынных даходаў, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і продажу зброі масавага паражэння.
Абновяць спісы «дармаедаў»
У жніўні будзе чарговы перагляд спісу працаздольнага насельніцтва, якое не занята ў эканоміцы – «дармаедаў». Каб не трапіць у гэтую базу, трэба звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады і падаць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Інакш тым, хто з’яўляецца ўласнікам жылля, давядзецца па поўным кошце аплачваць гарачую ваду, ацяпленне і газазабеспячэнне.
Самалёты ў Індыю і Туркменістан
З 11 жніўня «Белавія» запускае першы рэгулярны рэйс у Дэлі. Ён будзе лятаць у сталіцу Індыі па пятніцах, а з 20 верасня дадасца другі рэйс, па серадах. Час у палёце складзе каля 7 гадзінаў. Кошт у адзін бок стартуе ад € 319, у абодва – € 569.
«Белавія» з 19 жніўня да 17 верасня дадала яшчэ адзін рэйс у Туркменбашы. Цяпер рэйсы будуць выконвацца двойчы на тыдзень: па аўторках і суботах.
Макар Мыш belsat.eu
