Вашай увазе рэгіянальны каляндар круглых і юбілейных датаў на жнівень 2023 году.

1 жніўня

80 гадоў таму (1943) – У ўрочышчы Батароўка каля Наваградку фашыстамі расстраляныя 11 сясьцёр-назарэтанак. 6.3.2000 яны былі беатыфікаваныя.

2 жніўня

190 гадоў таму (1833) – У Гародні каля Скідзельскай заставы (раён сёньняшняга аўтавакзалу) карнікамі павешаны Міхал Валовіч, арганізатар нацыянальна-вызвольнага руху, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг. Нараджэнец Парэчча (Слонімскі р-н).

3 жніўня

10 гадоў таму (2013)У Парэччы (Слонімскі р-н) адбылася акцыя памяці Міхала Валовіча. У час ушанавання на мемарыяльнай старой пліце, якая была пастаўлена ў 2003 годзе, адкрылі новую мармуровую пліту Міхалу Валовічу і яго сябрам-паўстанцам.

4 жніўня

185 гадоў таму (1838) – У Валожыне нарадзіўся Юзаф Беркман, жывапісец, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг, ваяваў на Ашмяншчыне.

карціна Юзафа Беркмана

50 гадоў таму (1973) – У Чыкага памёр Міхал Урбановіч, беларускі культурны дзеяч, педагог, каталіцкі сьвятар у замежжы (ЗША). Пахаваны на чыкагскіх могілках Сьв. Казіміра. Нараджэнец Астрыны (ці хутара Масяўня пад Астрыной).

5 жніўня

115 гадоў таму (1908) – У прыгарадзе Парыжу Ўарвіль памёр Валеры Урублеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз. Нараджэнец Жалудка (Шчучынскі р-н).

85 гадоў таму (1938) – У Курапатах пад Менскам расстраляны Мітрафан Тамільчык, беларускі фізік, выкладнік Беларускага палітэхнічнага інстытуту. Нарадзіўся ў вёсцы Хадзявічы (Слонімскі р-н) у 1896 г.

6 жніўня

175 гадоў таму (1848) – У Друскеніках нарадзіўся Іпаліт Корвін-Мілеўскі, польска-беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, публіцыст, доктар права, “краёвец”. Жыў у Лаздунах і Геранёнах (Івейскі р-н).

9 жніўня

Сусьветны дзень карэнных народаў.

12 жніўня

75 гадоў таму (1948) – У Чэхаславаччыне савецкімі карнымі органамі арыштаваныя Янка і Ларыса Геніюшы, пазьней засуджаныя да 25 гадоў савецкага канцлягеру.

13 жніўня

100 гадоў таму (1923) – У в. Католышы (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Самсон Пярловіч, сябра Саюзу Вызваленьня Беларусі, беларускі паэт, вязень ГУЛАГу.

14 жніўня

95 гадоў таму (1928) – На экраны Беларусі выйшаў фільм “Кастусь Каліноўскі”.

15 жніўня

165 гадоў таму (1858) – Нарадзіўся (у Гарадзенскай губ.) Міхаіл Пліс, беларускі грамадзкі дзеяч, праваслаўны сьвятар.Служыў у Ашмянскім павеце.

5 гадоў таму (2018) – У Вільні памёр Хведар Нюнька, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, з 1989 г. старшыня Таварыства Беларускай Культуры Летувы, сябра прэзідыуму Рады БНР. Пахаваны на праваслаўных віленскіх Спаса-Ефрасінеўскіх могілках.

18 жніўня

45 гадоў таму (1978) – У Гервятах (Астравецкі р-н) памёр Станіслаў Хадыка (нар. у 1893 г. на Віленшчыне), беларускі каталіцкі сьвятар, вязень савецкіх канцлягераў. Працаваў у Казловічах (Гарадзенскі р-н), Гервятах.

19 жніўня

175 гадоў таму (1848) – У Вільні памёр Міхал Палінскі-Пёлка, педагог, матэматык. Нараджэнец Слонімшчыны.

25 гадоў таму (1998) – У Гародні памёр Валянцін Шаўцоў, беларускі педагог, дырэктар СШ №26. Пахаваны на могілках каля стан. Авульс пад Гародняй.

22 жніўня

45 гадоў таму (1978) – У Менску памёр Піліп Пестрак, беларускі літаратар, актывіст КПЗБ. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках. У 1927-29 гг. жыў у Слоніме. Быў зьняволены польскімі ўладамі ў Гарадзенскую турму.

23 жніўня

Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

25 жніўня

70 гадоў таму (1953) – У Слоніме нарадзіўся Леанід Богдан, беларускі скульптар.

26 жніўня

90 гадоў таму (1933) – Выйшла пастанова Савету Народных Камісараў БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, скіраваная на зьнішчэнне адметнасьці беларускай мовы.

27 жніўня

30 гадоў таму (1993) – У вёсцы Азярніца (Слонімскі р-н) памёр Алесь Сучок (сапр. Пятро Дабрыян) беларускі паэт, актыўны змагар за адкрыцьцё беларускіх школ на Гарадзеншчыне. Пахаваны ў Азярніцы.

28 жніўня

150 гадоў таму (1873) – Пад Парыжам памёр Дамінік Карэга, удзельнік паўстаньня 1830 г. Нараджэнец в. Астроўчыцы (Ваўкавыскі р-н).

110 гадоў таму (1913) – У в. Зіняўцы (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Вітольд Карпыза, польскі краязнавец, дасьледнік гістарычнай Ваўкавышчыны.

10 гадоў таму (2013) – З гарадзенскай турмы пасьля амаль трохгадовага зьняволеньня на волю выйшаў Зьміцер Дашкевіч.

29 жніўня

130 гадоў таму (1893) – У Гародні нарадзіўся Станіслаў Жыўна (памёр у 1940-ыя гг.), натураліст, калекцыянер, ствараннік у 1926 г. у Гародні музея прыроды.

100 гадоў таму (1923) – У в. Бандары (Падляшша) нарадзіўся Уладзімір Казьбярук, беларускі літаратуразнавец. У 1949-52 гг. працаваў у Любчы і Нягневічах (Наваградзкі р-н).

30 жніўня

Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў.

31 жніўня

255 гадоў таму (1768) – У в. Жукоўшчына (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Раймонд Корсак, паэт, удзельнік паўстаньня 1794 г.