
12 жніўня ў раённым цэнтры вобласці пройдзе традыцыйны фэст “Іўеўскі памідор”. Іўе здавён славіцца сваёй смачнай гароднінай, найперш памідорамі і гуркамі. Стала вядома падрабязная праграма свята, у ёй будзе тэатралізаванае шэсце “Памідорны бум”, конкурс “Сеньёр Памідор” на сама вялікі вырашчаны тамат, розныя забавы і канцэрты. На дзіва, што хоць праграма складзена пераважна па-расейску, але ў ёй няма папсовых расейскіх гастралёраў. Бо апошнія гады ў розных беларускіх гарадах гэтых “звезд” было празмерна шмат. Затое ў Іўі для мясцовых жыхароў і гасцей гораду выступіць Нацыянальны акадэмічны аркестр імя Міхаіла Фінберга.

