Колькасць беларускіх аўтамабіляў, якія перасякаюць беларуска-летувіскую мяжу, у чэрвені прыкметна вырасла, піша Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы. Пачынаючы з лютага колькасць беларусаў, якія ўязджаюць у Летуву, расце кожны месяц. У лютым мяжу на ўезд у Летуву перасеклі 97 тысяч беларускіх аўтамабіляў, у сакавіку — 115 тысяч, у траўні — 120 тысяч, у чэрвені — ужо 126 тысяч машын.

У Летувіскім МУС мяркуюць, што гэты рост можа быць звязаны з перыядам адпачынкаў, а таксама магчымасцю паляцець з Вільні ў іншыя еўрапейскія краіны. “У Беларусі няма марскога ўзбярэжжа, і яе доступ да заходніх краін па паветры моцна абмежаваны. Таму цалкам верагодна, што грамадзяне гэтай краіны выбіраюць Летуву і Латвію як месца адпачынку, так і як краіну, з якой можна атрымаць доступ да большай колькасці заходніх дзяржаў“, – кажа прадстаўніца МУС Летувы Ліна Лаўрынайцітэ-Грыгене. Яшчэ адной прычынай, чаму беларусы едуць у Летуву, можа быць жаданне прайсціся па крамах, мяркуюць літоўскія прадпрымальнікі, якія займаюцца рытэйлам.