910 беларусаў прызнаныя ў Летуве пагрозай нацыянальнай бяспецы. Дэпартамент міграцыі забараніў ім уезд у гэтую краіну, перадае Delfi.

Такі ж статус выстаўлены 254 грамадзянам Расеі. Рашэнне было прынятае па выніках запаўнення спецыяльнай анкеты, у якой патрабуецца абазначыць сваё стаўленне да расейскай агрэсіі ва Украіне.

Таксама з леташняга лістапада 337 беларусаў атрымалі адмовы ў выдачы дазволу на часовае пражыванне ў Летуве. Сярод грамадзян Расеі такіх было толькі 43 чалавекі.

У змене такога дакумента адмовілі 121 беларусу і 46 расейцам. А ў 205 беларусаў і 59 расейцаў адклікалі раней выдадзеныя дазволы на часовае пражыванне.

У выдачы пастаяннага дазволу на пражыванне адмовілі, як паведамляецца, пары беларусаў і пары расейцаў, У чатырох грамадзян Беларусі і 52 грамадзян Расеі такія дазволы адклікалі.

Пры падачы заявы на летувіскую нацыянальную візу 241 беларус атрымаў адмову. Такія ж адмовы атрымалі 52 расейцы. У Дэпартаменте міграцыі кажуць, што, прымаючы гэтыя рашэнні, кансультаваліся з Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), службай аховы дзяржаўнай мяжы і паліцыяй.

Раней авыедамлялася, што з пачатку шырокамаштабнай расейскай вайны ва Украіне летувіскія ўлады анулявалі больш за тры тысячы відаў на жыхарства беларусаў і расейцаў.