Польска-беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, доктар права, “краёвец” Іпаліт Корвін-Мілеўскі нарадзіўся 6 жніўня 1848 году ў Друскеніках. Паходзіў з каталіцкай дваранскай сям’і графа Оскара Іпалітавіча Корвін-Мілеўскага (1818—1906) герба «Слепаўрон» і яго жонкі Веранікі Ігнатаўны Ланеўскай-Воўк герба «Дзве трубы» (з Бабруйскага павета). Поўнае імя, дадзенае пры хросце ў каталіцтва было «Іпаліт-Ян». Бацька Іпаліта атрымаў тытул графа («граф на Мураваных Геранёнах») ад папы рымскага ў 1876 г.

Сам граф Іпаліт Оскаравіч Корвін-Мілеўскі па маёмасным разліку (што, як сам адзначае ў мемуарах, было традыцыйным у тыя часы) ажаніўся ў 1888 г. з Казімірай Аляксандраўнай Галынскай, дваранкай-каталічкай і дачкой Аляксандра Станіслававіча Галынскага, былога клімавіцкага павятовага маршалка і заможнага землеўласніка Магілёўскай губерні, ад яго жонкі графіні Кунегунды Плятар. Сям’я дзяцей не мела, бо Казіміра Галынская фізіялагічна не магла мець дзяцей. Сваю жонку Іпаліт называў «карэннай беларускай» (тапанімічна), бо яе род быў з ліку карэнных у Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ і Магілёўскай губерні Расейскай імперыі.

У дзяцінстве з 1856 г. быў у Парыжы і за бацькоўскія грошы з 1857 г. выхоўваўся ў Парыжы ў прыватным пансіёне, таму цудоўна ведаў французскую мову. Бацькі адправілі яго ў Парыж, каб паправіць здароўе і схаваць ад расійскіх улад, бо на радзіме разгортваўся пераслед многіх нелаяльных каталіцкіх дваран. Пазней у мемуарах адзначыў, што намер бацькоў адправіць яго выхоўвацца ў французскім пасіёне быў шкодным, бо не дазволіў Іпаліту з дзяцінства завоіць мясцовыя звычкі і ўяўленні, а навязаў французскія. Прызнаваў, што французскае выхаванне часта не дазваляла атрымаць паразуменне з мясцовымі каталіцкімі дваранамі Літвы і Беларусі і прыводзіла да краху многіх яго палітычных намераў. Лічыў, што адпраўляць дзяцей вучыцца за мяжу трэба толькі ў студэнцкую пару (у 18-20 гадоў), а першае выхаванне і адукацыю дзеці павінны атрымліваць у сваёй краіне, каб сфармаваць псіхіку асобы дома.

Скончыў Дэрпцкі універсітэт (1868) і меў французскую ступень доктара права. Зрабіў падарожжа ў Афрыку (Туніс, Алжыр, Егіпет і інш.), што было модным сярод дваран у тыя часы ў мэтах адукацыі і пашырэння кругагляду. Добра валодаў (акрамя роднай польскай мовы таксама расейскай, беларускай і летувіскай мовамі.

Служыў у Касацыйнай палаце Сената Расійскай імерыі.

З 1877 г. жыў у родавым маёнтку Лаздуны (вёскі Лаздуны і Лугомічы) у Ашмянскім павеце (Віленская губерня), які атрымаў ад бацькі і за кароткі час ператварыў ва ўзорную гаспадарку. У маёнтку Лаздуны меўся прыкметны сядзібна-паркавы ансамбль. Быў здольным аграномам і членам Рады Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі. Як прадстаўнік кансерватыўна настроеных каталіцкіх землеўладальнікаў Беларусі і Літвы, падтрымліваў т.зв. лаялісцкі, «згодніцкі» («ugodowy») кірунак у мясцовым грамадскім руху літоўска-беларускіх губерняў.

Палац у Лаздунах

Заснаваў у Вільні газету «Kurier Litewski» («Літоўскі кур’ер») і быў яе ўласнікам з 1.9.1905 да 1.12.1905 г. Належаў да ліберальна-кансерватыўнага кірунку “краёўцаў”. Падтрымліваў ідэю канстытуцыйнага абмежавання расейскага самаўладдзя, выступаў за пашырэнне правоў прадстаўнічых органаў улады, за ўвядзенне земстваў у Беларусі і Летуве. Падкрэсліваў адметнасць інтарэсаў мясцовых, «краёвых палякаў», быў адным з кіраўнікоў краёўцаў ліберальна-кансерватыўнага кірунку.

У 1906 г. абраны дэпутатам (1906—1909) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, уваходзіў у т.зв. «цэнтр», аднак па пытаннях адносін да рэвалюцыйнага руху, радыкальнай аграрнай рэформы, усеагульнага выбарчага права і інш. салідарызаваўся з «правымі».

Удзельнічаў 17-18 чэрвеня (1-2 ліпеня) 1907 у Вільні на з’езде землеўладальнікаў шасці «паўночна-заходніх» (беларуска-літоўскіх) губерняў, які прыняў рашэнне пра стварэнне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі» і зацвердзіў праграму новай партыі. Як член гэтай партыі быў адным з трох прадстаўнікоў фракцыі гэтай партыі ў Дзяржаўным Савеце Расейскай імперыі.

У 1909 г. паўторна абраны дэпутатам (1909—1910) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі на новы тэрмін, уваходзіў у т.зв. «цэнтр». У 1910 г. у знак пратэсту супраць палітычнага курсу Пятра Сталыпіна пакінуў Дзяржаўны Савет Расейскай імперыі.

Разам з братам аказваў фінансавую падтрымку аднаўленню Польскага тэатра ў Вільні (на Пагулянцы). З 1911 г. замест ідэй «краёвасці» пачаў падтрымліваць ідэі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі») і лічыў неабходным пашырэнне польскай мовы і культуры сярод беларусаў для прылучэння да каштоўнасцей «заходняй цывілізацыі». Выказваўся ў прэсе ў 1913 г., што беларускамоўная газета “Наша Ніва” фінансуецца расейскім урадам і таму яе дзейнасць мае на мэце русіфікацыю літоўска-беларускіх губерняў, за што быў крытыкаваны Янкам Купалам.

У 1915 годзе выехаў у Парыж. На старонках французскага друку выступаў з ідэяй федэрацыі Польшчы і літоўска-беларускага края. У 1918 г. адмовіўся ад ідэй Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэцыі») і стаў прыхільнікам ідэй групоўкі т.зв. «віленскіх кансерватараў», а ў 1919 г. стаў аўтарам афіцыйнага мемарыялу «віленскіх кансерватараў» аб дзяржаўнай уніі (федэрацыі) Польшчы і літоўска-беларускага края. Аб сваім мемарыяле, паданым Юзафу Пілсудскаму, пазней напісаў у мемуарах: «Як аказалася з тэксту Рыжскага дагавора, ніводнага ўплыву на лёсы справы не аказаў».

З 1919 г. знаходзіўся ў родавым маёнтку Лаздуны, які як і тэрыторыя Заходняй Беларусі, паводле рашэння Рыжскага мірнага дагавора (1921) быў у складзе міжваеннай Польшчы. Рэзка крытыкаваў вынікі Рыжскага мірнага дагавора, хоць за Мілеўскім захаваліся ўсе яго маёнткі. Адышоў ад палітыкі ў 1919 г. і ў дзейнасці віленскіх кансерватараў ужо не ўдзельнічаў.

Памёр 11 лютага 1932 году ў Пазнані ў Польшчы.