Сітуацыя на межах Летувы з Беларуссю і Расіяй напружаная, але стабільная. Так ацаніў яе кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Летувы Рустам Любаеў пасля сустрэчы з прэзідэнтам краіны Гітанасам Наўседамперадае delfi.lt.

Ён дадаў, што прысутнасць вагнераўцаў у Беларусі стварае высокую імавернасць правакацый. І запэўніў, што ў самы кароткі тэрмін Летува гатовая размясціць на мяжы дадатковыя сілы.

“Мы з МУС цяпер разглядаем магчымасць павелічэння нашых магутнасцяў на мяжы з Беларуссю. Былі прыняты адпаведныя рашэнні. У бліжэйшы час мы плануем павялічыць наш кантынгент ля мяжы з Беларуссю”, — заявіў ён.

Як распавядала Еўрарадыё, ахову мяжы з Беларуссю таксама пачала ўзмацняць і Польшча.

Любаеў згадаў нядаўна пачатыя вучэнні беларускага войска на Гарадзеншчыне, але падкрэсліў, што вялікай пагрозы ад іх не бачыць: “Вучэнні праходзяць, але іх маштабы невялікія. Вялікай пагрозы на сённяшні дзень няма”.