Гарадзенскія таксі. Фота ілюстрацыйнае. Крыніца: autogrodno.by

Перавозчыкі ўсталююць у салонах таксі і аўтобусаў камеры, а захоўваць відэа будуць ад 10 дзён да 12 месяцаў. Адпаведны праект указу «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў» абмеркавалі ў Міністэрстве транспарту Беларусі. Пра нюансы расказаў рэсурс hrodna.life

Навошта патрэбны камеры

Паводле праекта ўказа, перавозчыкі павінны будуць усталяваць у салонах аўтамабіляў і аўтобусаў камеры. Гэта датычыць усіх відаў нерэгулярных перавозак. Камеры патрэбны для відэафіксацыі працэсу перавозкі пасажыраў. Запісы, зробленыя падчас паездкі, трэба будзе захоўваць на рэсурсах, размешчаных у Беларусі, 10 дзён. Пачаткова планавалася, што захоўваць відэа будуць месяц.

Дыспетчары аўтамабільных перавозак і таксі, а таксама перавозчыкі, якія самы прымаюць замовы, павінны будуць фіксаваць замовы і весці іх улік з дапамогай электронных сродкаў. На патрабаванне кантралюючых праваахоўных і іншых органаў, яны павінны будуць даваць гэтыя дадзеныя. Дадзеныя будуць захоўваць 12 месяцаў. Пачаткова планавалася пяць гадоў.

Пасажыр, які сядае ў таксі, аўтаматычна пагаджаецца з відэаздымкай

На аўтамабілі кіроўцы павінны будуць размяшчаць налепку з папярэджаннем пра відэафіксацыю. Калі пасажыр сядзе ў транспарт, ён аўтаматычна дасць згоду на відэазапіс.

Для фізічных асобаў, якія хочуць замовіць аднаразовыя паслугі перавозкі, напрыклад, на вяселлі ці экскурсію, нічога не зменіцца. Яны змогуць заключыць дамову для перавозкі пасажыраў.

Што будзе, акрамя відэафіксацыі

Таксама створаць рэестр дыспетчараў, кіроўцаў і перавозчыкаў. У ім будзе спіс тых, хто мае права займацца перавозкамі, працаваць у таксі. Яны будуць абавязаныя ў анлайн-рэжыме даваць сілавікам і іншым дзяржаўным установам доступ да сваёй базы інфармацыі пра замовы і пасажыраў. Выкарыстоўваць для гэтага трэба будзе рэсурсы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі. Замежныя дыспетчары павінны будуць таксама працаваць праз беларускія серверы і беларускія юрыдычныя асобы.

Першыя камеры пачалі ўсталёўваць два месяцы таму

Паводле інфармацыі Hrodna.life у некаторых гарадзенскіх таксі ўжо камеры відэаназірання пачалі ўсталёўваць у чэрвені 2023 года. Таксісты Гародні такому новаўвядзенню былі не радыя. Маўляў, непрыемна, і праз гэта можна згубіць працу. Але некаторыя падтрымліваюць усталёўку камер — гэта падвысіць бяспеку кіроўцаў.