У Беларусі ідзе падрыхтоўка новага выдання Чырвонай кнігі, навукоўцы прыступілі да маніторынгу колькасці жывёл, каб да 2025 году вызначыцца – каго выключыць, а каго пакінуць у ёй, піша Sputnik.

Падставай для актуалізацыі тэмы сталі выпадкі падыходу драпежнікаў да жылля, якія пачасціліся. Калі да нядаўняга часу мядзведзяў пераважна сустракалі на поўначы краіны, то летам гэтага года іх заўважылі ў Гарадзенскай вобласці – пад Наваградкам і каля Ліды.

Прымаць рашэнне па новым выданні Чырвонай кнігі будзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на аснове звестак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Галоўнай інтрыгай новага выдання Чырвонай кнігі Беларусі – 2025 можа стаць буры мядзведзь, на выключэнні якога настойвае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Яго якраз узначальвае небезвядомы Ігар Шуневіч, былы міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, які вельмі любіў на парадах апранацца ў форму НКВД.

У Мінпрыроды адзначылі, што пазіцыя ведамства датычна выключэння з Чырвонай кнігі бурага мядзведзя агучвалася неаднаразова і не памянялася. “Пакуль папуляцыя мядзведзяў не з’яўляецца ўстойлівай, і таму мы гаворым, што заўчасна выключаць гэты від з Чырвонай кнігі”, – адзначылі ў ведамстве

Там падкрэслілі, што такая ж пазіцыя і ў дачыненні да рысі і барсука, якіх БТПР прапануе выключыць з новай рэдакцыі Чырвонай кнігі.

У Мінпрыроды асабліва адзначылі, што ў пытанні аб выключэнні жывёлы з Чырвонай кнігі трэба кіравацца наступным прынцыпам: колькасць асобінаў у папуляцыі павінна быць устойлівай.

У сваю чаргу Беларускае таварыства паляўнічых і рыбалоў настойвае на тым, што бурага мядзведзя, рысь, барсука трэба выключыць з Чырвонай кнігі і дазволіць на іх паляванне. Шуневіч настойвае на сваім, хоць нібыта яго не запрашаюць вырашаць лёс прадстаўнікоў фаўны Беларусі. І калі ад небяспека ад мядзведзяў можа быць сапраўды рэальнай, то чым не дагадзілі былому міністру рысі і барсукі, сказаць цяжка.

У 2025 годзе выйдзе пятае выданне Чырвонай кнігі Беларусі. Першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі выйшла ў 1981 годзе, у яе было ўключана 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. Потым было двухтомнае выданне, абноўленая Чырвоная кніга выйшла ў 1993 годзе. У 2006 годзе Чырвоная кніга ўключала ўжо 189 відаў жывёл і 274 віды раслін, 24 – лішайнікаў і 29 – грыбоў.

У цяперашняе чацвёртае выданне Чырвонай кнігі ўключаны 203 віды дзікіх жывёл, што складае крыху больш за 1 працэнт ад агульнай колькасці відаў дзікіх жывёл, якія водзяцца ў краіне.