У cудзе Кастрычніцкага раёна Гародні абвешчаны прысуд 30-гадоваму Вячаславу Янюку, звінавачанаму ў масавых беспарадках паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Карны працэс вяла суддзя Маргарыта Ланцэвіч.

Абвінавачанне сцвярджае, што Вячаслаў Янюк, у 2020 годзе неаднаразова размяшчаў у тэлеграм-каналах «Іхтыяндры Гродна», «Гордыя гродзенцы», «Гародня 97%», «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ» “агульнадаступныя паведамленні, якія змяшчалі выказванні пабуджальнага характару і заклікалі да гвалтоўных дзеянняў, тым самым… стварыў умовы для здзяйснення злачынства іншымі асобамі, жадаючы наступлення негатыўных наступстваў, не прымаў мер да выдалення вышэйзгаданых публікацый з чатаў, пры гэтым не давёў свой злачынны намер да канца па абставінах, якія не залежаць ад яго, паколькі яго незаконная дзейнасць была спыненая супрацоўнікамі праваахоўных органаў”.

Суду Янюк патлумачыў, што, сапраўды, неаднаразова размяшчаў свае каментары з заклікам выходзіць для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Паказаў, што каментары размешчаныя менавіта ім, аднак, яны не маюць дачынення да арганізацыі масавых беспарадкаў, закліку іншых грамадзян да супрацьпраўных дзеянняў, некаторыя з каментароў пакінутыя ім на эмоцыях.

Тым не меней, суд Кастрычніцкага раёна Гародні 23 чэрвеня пастанавіў прызнаць Янюка вінаватым у падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі і прызначыў яму “пазбаўленне волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму”.

Пазней Гарадзенскі абласны суд, “разглядаючы” 8 жніўня апеляцыйную скаргу на прысуд, выключыў з апісальнай часткі ўказанне аб падрыхтоўцы абвінавачанага да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца пагромамі, пакінуўшы пры гэтым ранейшы тэрмін пакарання.

У чэрвені Вячаслава Янюка ўнеслі ў спіс “Асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Вясна